Латушка: Перадалі матэрыялы, якія тычацца ролі самога Лукашэнкі ў арганізацыі ваенных злачынстваў
Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення наведалі Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе і перадалі 2-ю частку матэрыялаў аб датычнасці Лукашэнкі і яго памагатых да ваеннага злачынства – незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей.
З намі на сувязі кіраўнік НАУ, намеснік старшыні АПКБ Павел Латушка.
РР: Што гэта за матэрыялы, якую новую інфармацыю ўдалося здабыць па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей? Якія дэталі Вы можаце раскрыць?
Павел Латушка: 27-га чэрвеня мы перадалі першую частку камунікацыі ў адпаведнасці з арт.15 Рымскага статуту аб здзяйсненні Лукашэнкам і яго паплечнікамі ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і пазнейшай іх пераадукацыяй. Учора мы перадалі другую частку матэрыялаў, назапашаных за апошнія месяцы і яны тычацца адказнасці і ролі самога Лукашэнкі ў арганізацыі гэтых ваенных злачынстваў. Мы прадставілі фактычна іерархію, створаную Лукашэнкам, на чале якой знаходзіцца ён, як непрызнаны кіраўнік Беларусі, таксама як старшыня дзяржсавета так званай Саюзнай дзяржавы па прынцыпе “кіраўнік – падпарадкаваны”. Падпарадкаванымі з’яўляюцца кіраўнікі дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, канкрэтныя асобы, якія ўдзельнічаюць у здзяйсненні гэтых ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным вывазам украінскіх дзяцей з Украіны.
Мы таксама прадставілі дадатковыя доказы, бо дакументы, якія падпісваў Лукашэнка, ужо перададзены падчас нашай першай сустрэчы ў Офісе Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда – гэта яго рэзалюцыі па фінансавым забеспячэнні вывазу дзяцей. Зараз мы прадставілі публічныя заявы самога Лукашэнкі, дзе ён двойчы – і 27-га чэрвеня, і 11-га жніўня прызнаецца, што ён узгадніў вываз украінскіх дзяцей з прэзідэнтам Расеі Пуціным, што ён атрымаў згоду і прыняў рашэнне аб фінансавай падтрымцы гэтых дзеянняў з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Ён прызнаецца, што ён гэта рабіў і плануе рабіць надалей. Таксама ён прызнаецца, што яму дапамагае ў гэтым Аляксей Талай – кіраўнік адмысловай фундацыі. Усё гэта з’яўляецца парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.
Паводле інфармацыі НАУ, больш за 3000 украінскіх дзяцей былі вывезеныя з акупаваных тэрыторыяў, з іх больш за 2100 з парушэннямі нормаў Міжнароднага гуманітарнага права. Аднак вядомыя асабістыя дадзеныя толькі 37 дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя