16 траўня – дзень „Сусветнага прыбірання”



Да ўдзелу ў акцыі “Сусветнае прыбіранне”, якая адбудзецца 16 траўня, далучаецца ўсё больш жыхароў Гарадзеншчыны. Аб удзеле ў прыборцы смецця на тэрыторыі лесапаркавых зонаў і вакол вадаёмаў заявілі 14 ініцыятыўных групаў, як з абласнога цэнтра, так і з Наваградку, Росі, Ваўкавыска і Слоніма. Каардынуе акцыю таварыства “Зялёная сетка”, з прадстаўнікамі якога можна звязацца праз інтэрнэт-старонку greenbelarus.info ці па тэлефонах, пададзеных на ёй. На думку грамадскага валанцёра Аляксандра Лашкоўскага, ініцыятыва па прыборцы наваколля – патрэбная і неабходная справа.

– Лес сёння засмечаны. Дадаліся яшчэ некалькі ўраганаў, якія павалілі досыць шмат дрэваў. Сёння лес патрабуе да сябе адмысловай увагі. Ужо ёсць дазвол ад Міністэрства прыродаахоўных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь, гэта дазволіла нам звярнуцца ў „Зеленбуд” Гародні, які згадзіўся дапамагчы ў правядзенні акцыі.

16 траўня ў Гародні прыборка смецця адбудзецца ў Румлёўскім парку, на беразе ракі Нёман – ад чыгуначнага маста да мікрараёна Вішнявец, ля кар’ераў камбіната будаўнічых матэрыялаў і шэрагу іншых месцаў. Упершыню акцыя па прыборцы несанкцыянаваных сметнікаў прайшла ў 2008 годзе ў Эстоніі. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў ёй з 2012. У мінулым годзе акцыя ахапіла 120 краін свету.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота t-styl.info