На Піншчыне адрадзілі тры старажытныя абрады
Традыцыі нашых продкаў. На Піншчыне супрацоўнікі цэнтра культуры і побыта “Спадчына Палесся” на працягу восені адрадзілі тры старажытныя абрады: “Багач” у гонар добрага ўраджаю, “Вынас каравая” на знак добрай долі маладой сям’і ды “Дзяды” – дзень памінання продкаў. Усе абрады яднае тое, што сваімі каранямі яны сягаюць у далёкую старажытнасць.
Экскурсавод, краязнаўца адзначае, што на Палессі хрысціянства і паганства вельмі пераплеценае:
– Палешукі – гэта той народ, як хтосьці там з этнографаў назваў, “дзіцячы народ”, звяртаючы ўвагу на тое, што дзіця – гэта такі малады чалавек, без хітрынкі, як ёсць, так і ёсць. У казкі, у байкі верыць. Пісаў нават Булгакоўскі, аўтар зборніка “Пінчукі” пра тое, што тут так цесна пераблыталася хрысціянства і паганства, што іх нельга аддзяліць адно ад другога.
Абрады адроджаныя з мэтай іх дэманстрацыі наведвальнікам цэнтра “Спадчына Палесся”, перадусім новаму пакаленню, каб яно ўбірала ў сябе традыцыі сваіх продкаў.
Беларускае Радыё Рацыя