Кіева-Пячэрская лаўра перайшла на новаюліянскі каляндар
Кіева-Пячэрская лаўра «па шматлікіх просьбах прыхаджан» вырашыла перайсці на новаюліянскі каляндар, як гэта зрабіла раней Праваслаўная царква Украіны. Пра гэта 12 лістапада паведаміў у Facebook выканаўца абавязкаў намесніка Лаўры архімандрыт Аўраамій.
Паводле яго, ад 15 лістапада, калі пачынаецца Калядны пост, Кіева-Пячэрская лаўра пераходзіць на новы каляндар. Гэты каляндар прадугледжвае святкаванне Раства 25 снежня, а не 7 студзеня, і ён бліжэйшы да Грыгарыянскага календара, якога прытрымліваецца большасць краін свету, у тым ліку большасць праваслаўных цэркваў.
Юліянскі каляндар, якога прытрымліваецца Расейская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, часткай якой з’яўляецца Беларуская праваслаўная царква, адрозніваецца на 13 дзён ад Грыгарыянскага календара.
Крыніца: Радыё Свабода