Кампанія па супрацьгрыповай імунізацыі
Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведаміў, што ў краіне заўважна актывізавалася кампанія па супрацьгрыповай імунізацыі, калі пачаліся выезды медыкаў па прадпрыемствах. Гэтак па афіцыйных дадзеных ужо вакцыянавана амаль 30% грамадзянаў. Кампанію працягнуць да 1-га снежня і плануюць дасягнуць лічбы на 40% вакцыянаваных.
“Ёсць групы насельніцтва, якім медыкі больш настойліва раяць прышчапіцца”, – адзначае адмысловец па санітарна-эпідэміялагічных пытаннях:
— Для стварэння імунітэту даказана, што прышчэпку патрэбна рабіць не менш чым за месяц да выбуху.
Спецыфічная група насельніцтва – гэта найперш, вядома, хворыя з хранічнай паталогіяй, інваліды, дзеці і шэраг іншых груп насельніцтва, у тым ліку медычныя працаўнікі, работнікі гандлю, МНС.
Паводле інфармацыі медыкаў, зараз у краіне набіраюць моц вострыя-рэспіраторныя інфекцыі і амаль 70% пацыентаў – гэта непаўнагадовыя. Працягвае цыркуляцыю і каронавірус, яго ўздым, як і грыпа, чакаюць на студзень-люты.
Беларускае Радыё Рацыя