Агляд прэсы: Толькі пачатак
Беларусы і літоўцы рука аб руку змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. Нямеччына ўзмацняе жорсткасць палітыку ў сферы прадастаўлення прытулку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
„Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі супрацьпаставіць нас адзін аднаму, мы разам выступаем у абарону свабоды і дэмакратыі ад аўтарытарнай агрэсіі”, – запэўнівае літоўскае выданне delfi.lt.
„Паколькі Расея працягвае сваю імпэрскую вайну супраць Украіны і сваю гібрыдную агрэсію супраць дэмакратычных краінаў ва ўсім свеце, а рэжым Лукашэнкі працягвае прыгнятаць беларускі народ і падтрымліваць вайсковую агрэсію Расеі, адзінства нашых нацый і народаў — свабодалюбівых беларусаў і літоўцаў — стала больш важным, чым калі-небудзь. Наша сувязь выходзіць за межы простай геаграфічнай блізкасці і агульнай гісторыі. Яна заснавана на глыбокім разуменні барацьбы і мараў адзін аднаго, а таксама на прызнанні таго, што наша будучыня непарыўна звязана. Дружба паміж намі сягае ў глыб стагоддзяў. У нас шмат агульнага, ад падобнай ежы і народных традыцый да нацыянальных герояў, такіх як Канстанцінас Калінаўскас ці Кастусь Каліноўскі. У 1991 годзе, калі літоўцы выйшлі бараніць адноўленую свабоду ад савецкіх танкаў, беларусы былі сярод абаронцаў літоўскага парламента. Пасля падзей 2020 года Літва і ўвесь народ падтрымалі беларусаў і выратавалі тысячы людзей, якія былі вымушаны ўцякаць ад жахлівага тэрору ў Беларусі, якога не было з часоў сталінізму. Нязменная падтрымка Літвой дэмакратычнай Беларусі адлюстроўвае не толькі добрасуседскую добрую волю, але і глыбокую прыхільнасць універсальным прынцыпам дэмакратыі, свабоды і вяршэнства права. Рэжым Лукашэнкі не толькі знішчае незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, але спрабуе зрабіць іх часткай «рускага свету», вынішчыць нават саму ідэнтычнасць беларусаў. Літоўцы ясна разумеюць розніцу паміж дыктатарам Лукашэнкам і свабодалюбівым народам Беларусі. Роля Літвы ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці, прапанове прытулку для тых, хто ратуецца ад пераследу, і адстойванні Беларусі на міжнародных пляцоўках не толькі прынесла імгненную палёгку, але і захавала надзею на свабодную Беларусь„, – падкрэслівае літоўскае выданне.
Увага свету прыкавана ў тым ліку і да рашэння Еўракамісіі, якое рэкамендуе пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў Еўразвяз, нягледзячы на тое, што краіна знаходзіцца ў стане вайны. Польскі партал Onet нагадвае пра падзеі 2013-2014 гадоў, якія зараз прыносяць свой плён.
„Мірнае паўстанне, якое ўкраінцы сёння называюць „Рэвалюцыяй годнасці”, распаўсюджвалася па ўсёй краіне: кожную нядзелю на Майдан выходзілі мільёны людзей, якія скандзіравалі „Украіна – гэта Еўропа”. Над барыкадамі Майдана луналі сінія сцягі ЕЗ. Пад гэтымі сцягамі ўпершыню ў гісторыі гінулі людзі, галоўнай марай якіх, акрамя звяржэння дыктатара, было ўступленне краіны ў Еўразвяз. Януковіч збег з краіны на борце дасланага Масквой верталёта, а патрабаванні Майдана пачалі рэалізоўвацца ўжо ў наступным месяцы, калі Кіеў падпісаў пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам”, – канстатуе польскае выданне.
Федэральны ўрад Германіі і кіраўніцтва федэральных зямель дамовіліся аб рэформе працэдур у галіне прадастаўлення прытулку – з мэтай скараціць колькасць бежанцаў, якія імкнуцца патрапіць у краіну. Так, плануецца паскорыць працэс разгляду хадайніцтваў і дэпартацыі тых, каму ў сховішчы адмовілі; бежанцы будуць атрымліваць плацежныя карты замест наяўных грошай, а сацыяльныя выплаты на працягу больш працяглага тэрміну будуць выплачвацца ў скарочаным памеры. „Нямеччына вырашыла ўзмацніць жорсткасць сваёй дагэтуль вельмі ліберальнай іміграцыйнай палітыкі”, – адзначае заграбская газета Večernji list.
„Канцлер Олаф Шольц дамовіўся з прэм’ер-міністрамі федэральных земляў аб узмацненні жорсткасці іміграцыйнай палітыкі з мэтай скараціць колькасць просьбітаў палітычнага прытулку ў краіне. Гэтай зменай парадыгмы, над якой Берлін працаваў у апошнія месяцы, краіна адкрыта заяўляе, што хоча стаць менш прывабнай для мігрантаў, якіх, маўляў, ужо і так зашмат, асабліва ў Берліне. Хаця аж да апошняга часу ў ФРГ пераважаў вельмі ліберальны падыход да пытання міграцыі. Шольц назваў гэтую дамоўленасць з кіраўнікамі ўрадаў федэральных земляў «гістарычным момантам». Усё гэта сведчыць аб тым, што міграцыйнае пытанне стала ў палітычным плане вельмі адчувальным”, – піша харвацкае выданне.
Па выніках муніцыпальных выбараў у Балгарыі партыя ГЕРБ, якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністр Бойка Барысаў, у значнай ступені страціла былыя пазіцыі. У Сафіі і Варне – сталіцы і адным з найбуйнейшых гарадоў краіны – падчас другога тура галасавання выбаршчыкі аддалі перавагу блоку ПП-ДБ (Працягваем перамены – Дэмакратычная Балгарыя). Менавіта іх кандыдаты былі абраныя мэрамі. На думку мясцовага партала Сега, па выніках муніцыпальных выбараў партыя ГЕРБ ужо не можа разлічваць на перавагу.
„Партыя, якая яшчэ чатыры гады таму цвёрда трымала ў сваіх руках уладу ў найбуйнейшых муніцыпалітэтах краіны, сёння здае адну крэпасць за другой. Заняпад партыі ГЕРБ абумоўлены мноствам прычын. Зацягванне знаходжання ва ўладзе, падазрэнні ў карупцыі, зліццё з дзяржведамствамі. Але галоўная прычына, якая існуе ўжо на працягу трох-чатырох гадоў, такая: партыя ГЕРБ стала таксічнай. За выключэннем Дзеляна Пееўскага – палітыка, які меў неадназначную рэпутацыю ад партыі Рух за правы і свабоды, якая прадстаўляе перш за ўсё інтарэсы турэцкай меншасці, усе палітыкі аб’ядналіся супраць ГЕРБа”, – падсумоўвае балгарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка