Іна Кавалёнак: Аўтарства праекта “Палітзэк” належыць камандзе Бабарыкі



Сённяшняя госця Радыё Рацыя — Іна Кавалёнак, сузаснавальніца праекта “Палітзэк”. Наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч пагутарылі з ёй пра стварэнне праекта, дапамогу сем’ям палітвязняў, лісты і прафесійнае выгаранне.

РР: Праект “Палітзэк” — гэта ўвогуле пра што? Гэта толькі пра лісты вязням, ці гэта наогул пра нейкую іншую падтрымку?

Іна Кавалёнак: Так, добрае пытанне. “Палітзэк” — гэта ўжо даўно не толькі пра лісты, і зараз мы працуем над дзвюма асноўнымі рэчамі. Першая – гэта якраз-такі разумець, якія спосабы дапамогі на сёння ёсць і якія актуальныя. Гэтую інфармацыю мы стараемся трымаць максімальна свежай і на сайце, і ў нашых сацсетках. То бок быць такой платформай падтрымкі, дзе могуць быць розныя дасяжныя спосабы, і варыянты напісання лістоў, і не лістоў, і г.д.

А другое – гэта, канешне, інфармаванне, то бок расказ пра тое, ці актуальная гэта дапамога яшчэ, ці патрэбная яна камусьці.

І разам з тым крыху правакаваць рэфлексію на гэту тэму, таму што ўнутры гэтай праблемы мы жывём даволі даўно. Ужо прайшоў пік проста падтрымкі, і цяпер нам важна пачынаць усведамляць, што канкрэтна для нас значыць быць на перспектыву, калі мы ў гэтым ужо тры гады.

І самае апошняе, што не вельмі дасяжна публічнасці, калі раптам нас слухаюць родныя палітвязняў, то ведайце, што вы можаце да нас звярнуцца па дапамогу непублічна.

А так гэта спосабы падтрымкі, якія сёння актуальныя, і інфармацыя пра палітзняволеных і што з імі адбываецца.

РР: Распавядзіце, як і калі ствараўся “Палітзэк”, кім ён быў натхнёны і што стала такім вось штуршком?

Іна Кавалёнак: Хутка ўжо споўніцца тры гады, як запусціўся праект, хаця ў працы ён быў яшчэ з восені 2020 года, прыдуманы ён камандай Бабарыкі. І я таксама была часткай каманды Бабарыкі і застаюся ёй. Як я часта кажу: інтэлектуальная ўласнасць. Аўтарства праекта “Палітзэк” належыць камандзе Бабарыкі, хоць з самага пачатку і па сёння функцыянуе абсалютна асобны праект з асобнай камандай. Атрымалася так.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя