Беларусь-Фінляндыя – 2:3 (па булітах)



На чэмпіянаце свету па хакеі зборная Беларусі ва ўпартым змаганні саступіла па булітах дружыне Фінляндыі – 2:3. Першыя два перыяды не прынеслі закінутых шайбаў. Усе асноўныя падзеі разгарнуліся ў апошняй траціне часу. Лік быў адкрыты толькі на 46-й хвіліне, калі Яўген Кавыршын трапна стрэліў у „дзевятку”. Тым самым была перапынена „сухая” серыя брамніка суомі Пека Рыне.

Пасля гэтага беларусы мелі колькасную большасць „пяць на тры”, але не скарысталіся сітуацыяй. Неўзабаве фіны закінулі дзве шайбы ў брамку Віталя Коваля. Прычым другая была недарэчнай да крыўднасці – шайба адляцела ад борту на пятачок, адкуль яе даслалі ў сетку. Аднак, беларуская каманда ўсё ж здолела адыграцца. За 30 секунд да завяршэння асноўнага часу капітан Аляксей Калюжны даслаў шайбу пад папярэчыну. Авертайм галоў не прынёс. А ў серыі булітаў вырашальным стала высокае індывідуальнае майстэрства фінаў, якія дакладна рэалізавалі ўсе тры спробы. У Беларусі першы буліт не забіў Сяргей Касціцын, а другі эфектна і ўдала выканаў Андрэй Сцяпанаў.

Такім чынам для гарантаванага выхаду ў чвэрцьфінал у заключнай сустрэчы 12 траўня зборнай Беларусі дастаткова набраць адно ачко (гэта значыць не прайграць у асноўны час) у сустрэчы з камандай Нарвегіі.

Турнірнае становішча ў групе „В” такое: 1. ЗША – 15 ачкоў, 2. Расея – 14, 3. Фінляндыя – 14, 4. Беларусь – 11, 5. Славаччына – 8, 6. Нарвегія – 6, 7. Данія – 4, 8. Славенія – 0.

Беларускае Радыё Рацыя