Краязнавец, які апісваў беларускія вёскі



14 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і краязнаўца Леаніда Пракопчыка (1933-1998).

Леанід Пракопчык нарадзіўся ў Менску. У 1958 годзе скончыў Маскоўскую Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Хадзіў матросам на рыбалавецкім траўлеры, настаўнічаў, быў журналістам, працаваў у саўгасе на Піншчыне, на Беларускам тэлебачанні, рэжысёрам мультфільмаў на кінастудыі „Беларусьфільм”.

Леанід Пракопчык пачаў друкавацца з 1958 года. Ён аўтар цікавых краязнаўчых кніг „Даўгінаўскія вёрсты” (1977), „У краі Налібоцкай пушчы”, „Ёсць у сэрдцы запаветны куток” (абедзве 1979), „Адкуль у вёскі імя” (1981), „Дрэмле памятка дзён” (1991). Апісаў многія літаратурна-гістарычныя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яна Чачота, Змітрака Бядулі, Янкі Купалы.

П’еса Леаніда Пракончыка „Князь Наваградскі” (з Дзмітрам Кальчанкам) пастаўлена Гарадзенскім драматычным тэатрам у 1988 годзе. Па сцэнарыях Леаніда Пракончыка пастаўлены фільмы „Наваградак, чытаючы Міцкевіча” (1980), „Налібоцкія пчаляры” (1982), „Круіз на кані” (1990), „Напалеон Орда” (1991), „Беларускія ратушы” (1992) і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя