Яўген Вільскі: Беларускае пытанне вяртаецца ў еўрапейскі парадак дня
Дзве беларускія сацыял-дэмакратычныя партыі былі зацверджаныя ў складзе РЭС (партыі еўрапейскіх сацыялістаў) у якасці партый назіральнікаў. Гэта адбылося на Кангрэсе РЭС у іспанскім горадзе Малага 10 лістапада. Там праходзіў беларускі дзень.
Гэта партыя Народная Грамада, лідарам якой з’яўляецца Мікола Статкевіч, і БСДП, лідар Ігар Барысаў.
Паводле выконваючага абавязкі кіраўніка партыі “Народная Грамада” Яўгена Вільскага, гэтая падзея паказвае, што беларускае пытанне вяртаецца ў парадак дня.
– Пасля пачатку вайны ва Украіне беларуская тэма адышла на другі план. Але апошнім часам, пачынаючы з лета, да яе пачалі вяртацца. Усё часцей пачалі згадваць. То бок, прыйшло разуменне, што хутка ва Украіне не атрымаецца, гэта надоўга. Таму трэба па-новаму працаваць супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.
У сваім выступе прадстаўнік “Народнай Грамады” ўзняў пытанне пра палітычных зняволеных Беларусі на прыкладзе лідара партыі Мікалая Статкевіча:
– Я расказаў пра Мікалая Статкевіча з трыбуны, на яго прыкладзе расказаў, што ў нас шэраг іншых палітвязняў. Мы падарылі свой партыйны мерч з сімволікай Статкевіча. Мы рыхтуем і будзем прапаноўваць для нашых калег у Еўрапарламенце правесці якуюсь кампанію ў падтрымку беларускіх палітычных вязняў.
У еўрапейскую структуру прымаюцца партыі, якія пазбаўленыя рэгістрацыі ў сваёй краіне. Народная Грамада была пазбаўленая афіцыйнага статусу ў 2005 годзе, БСДП пару месяцаў таму.
На Кангрэсе прысутнічалі Олаф Шольц – лідар Германіі, Педра Санчас – лідар Іспаніі і шэраг іншых палітыкаў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя