Збор твораў Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча прызналі «экстрэмісцкім»
Суд Жыткавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» збор твораў класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча ў 2 тамах «Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi», выдадзеныя ў 2007-2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
У жніўні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на просьбу пракуратуры Менску прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі выдавецтва «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы» і два вершы Дуніна-Марцінкевіча — «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». Гэтыя вершы класік беларускай літаратуры напісаў перад паўстаннем Кастуся Каліноўскага супраць расейскага імперскага прыгнёту на беларускіх землях.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — беларускі паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатру, першы класік новай беларускай літаратуры. Хоць непасрэднага ўдзелу Дунін-Марцінкевіча ў паўстанні не даказалі, яго арыштавалі і пісьменьнік больш за год правёў у менскай турме.
Беларускае Радыё Рацыя