Беларускія футбалісты пачалі падрыхтоўку да заключных матчаў кваліфікацыі Еўра-2024



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі ў Менску пачалі падрыхтоўку да заключных адборавых паядынкаў чэмпіянату Еўропы 2024 года. Трэніровачны збор пачаўся на базе тэхнічнага цэнтра АБФФ у Вяснянцы. Галоўны трэнер беларускай каманды іспанскі спецыяліст Карлас Алос Ферэр запрасіў на гульні з Андорай і Косава 24 гульца. Перад трэніроўкай з камандай сустрэўся старшыня асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” Мікалай Шарстнёў, які пажадаў футбалістам поспеху ў маючых адбыцца матчах. Сёння зборная Беларусі адправіцца ў Будапешт, дзе 18 лістапада правядзе намінальна хатні паядынак з камандай Андоры. Потым беларусы перабазуюцца ў Прышціну і 21 лістапада завершаць адборавы турнір сустрэчай з футбалістамі Косава.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі магнітагорскаму „Металургу”

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі другую запар хатнюю паразу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У пятым матчы серыі гульняў на „Менск-Арэне” дынамаўцы прымалі адну з найлепшых каманд Усходняй канферэнцыі – „Металург”. 4 лістапада каманды ўжо сустракаліся ў Магнітагорску, і тады „сталявары” нанеслі „зубрам” самую буйную паразу ў гэтым сезоне 5:1. На гэты раз госці закінулі на адну шайбу меньш – 4:1 на карысць „Металурга” – адзіны дакладны кідок у складзе „зуброў” на рахунку Вадзіма Мароза. Гэтая параза стала для падначаленых Дзмітрыя Квартальнага трэцяй у бягучай хатняй серыі.

„Юнацтва” абыграла „Хімік” у матчы беларускай хакейнай экстралігі

Трыма матчамі ў Берасці, Наваполацку і Жлобіне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара адбыўся ў Наваполацку, дзе сышліся каманды з верхняй паловы турнірнай табліцы – „Хімік” і „Юнацтва”. Пасля сарака хвілін матчу на табло гарэлі катастрафічныя для гаспадароў лічбы – 0:4, дублем за мінчан вызначыўся Станіслаў Кучкін. Аднак у заключным перыядзе паўночнікі не толькі адышлі ад разгрому, але і ледзь не стварылі гучны камбэк. Фінальны лік – 6:4 на карысць „Юнацтва”. Дзеючы чэмпіён Беларусі „Металург” працягвае пакутаваць: на гэты раз „ваўкі” на хатняй арэне прайгралі аршанскаму „Лакаматыву” – 2:4. Паралельна ў Берасці мясцовы клуб, які вядзе барацьбу за прамое трапленне ў плэй-оф, практычна без шанцаў прайграў „Дынама-Маладзечна” – 1:4.

Магілёўскі „Барысфен” здабыў дзясятую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі

Баскетбалісты магілёўскага „Барысфена” здабылі дзясятую перамогу запар у матчах чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў гасцях у „Гродна-93” каманда Андрэя Крываноса амаль увесь час саступала гаспадарам, перавага якіх даходзіла да 20 ачкоў. Аднак у самым канцы паядынку магіляўчане дагналі супернікаў і ў выніку здолелі вырваць перамогу з перавагай у шэсць балаў – 88:82. Пасля гэтага поспеху ў актыве „Барысфена” стала 20 ачкоў, баскетбалісты „Гродна-93” адстаюць на тры балы.

Цыцыпас другі раз прайграў на выніковым турніры АТР у Турыне

6-ы нумар сусветнага рэйтынгу грэк Стэфанас Цыцыпас пацярпеў другую паразу на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP), які праходзіць у Турыне. Стартавы матч другога тура працягваўся ўсяго 15 хвілін – дацкі тэнісіст Хольгер Рунэ выйграваў у Цыцыпаса 2:1, пасля чаго грэк узяў медыцынскі тайм-аўт і пасля размовы з лекарам вырашыў завяршыць сустрэчу з-за моцнага болю ў спіне.

Беларускае Радыё Рацыя