Агляд прэсы: Пераламаць тэндэнцыю



Чаму МКС павінен выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі? Расея накіроўвае бежанцаў да фінскіх межаў. У Вялікабрытаніі знешняй палітыкай зоймецца Кэмеран. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Адзін з лідараў беларускай дэмакратычнай апазіцыі Павел Латушка заклікаў Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаць ордэр на арышт беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, як гэта было зроблена летась у дачыненні да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. «Адпаведна Латушка, знаходзячыся ў Таліне для ўдзелу ў канферэнцыі па Беларусі, выказаў меркаванне, што санкцыі Захаду не працуюць супраць рэжыму», – піша эстонскае выданне NEWS.ERR.

«Калі суседнія з Беларуссю краіны падымуць гэтае пытанне, то Лукашэнка і яго паплечнікі будуць прыцягнуты да МКС. Гаворка ідзе пра масавыя злачынствы, напады на мірнае насельніцтва, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі і асабіста дыктатарам Лукашэнкам. Вядома, што з акупаваных украінскіх тэрыторый прывезена больш за 3 тысячы украінскіх дзяцей. У сакавіку 2022 года, пасля таго як Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, МКС выдаў ордэр на арышт Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, якая лічыцца асабіста адказнай за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Павел Латушка таксама ўказаў, што заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі, якія дазваляюць рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць гэта ў сваіх інтарэсах. Таму ордэр на арышт Лукашэнкі, прызнанне яго падазраваным у злачынствах супраць чалавечнасці і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, жорсткія санкцыі па блакіроўцы фінансавай сістэмы Лукашэнкі — гэтыя крокі могуць дапамагчы змяніць сітуацыю ў Беларусі.

«Я, на жаль, асабіста ведаю Лукашэнку. Будучы міністрам і амбасадарам, дзясяткі разоў сустракаўся з ім асабіста і ведаю яго характар. Ён рэагуе толькі на крокі больш моцнага партнёра, але сёння ён адчувае, што Еўропа слабая і не можа дзейнічаць прынцыпова. Гэта той падтрымкі, якой нам сёння не хапае», – цытуе Латушку эстонскае выданне.

* * *

Пачынаючы са жніўня гэтага года да фінскай мяжы зноў прыбывае ўсё больш людзей з боку Расіі, якія не маюць віз для ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза. Пакуль што гаворка ідзе прыкладна аб сотні чалавек. Раней Расея разгортвала такіх мігрантаў на сваіх кантрольна-прапускных пунктах. Фінская газета Helsingin Sanomat не здзіўлена ростам колькасці бежанцаў.

«Гаворка адназначна ідзе аб пасланні з боку Расеі ў адрас Фінляндыі. Расея хоча нагадаць пра тое, што можа стварыць на фінскай мяжы праблему бежанцаў, падобную да той, што мела месца на польскай і літоўскай межах з боку Беларусі. Такі сігнал ад Расеі не стаў сюрпрызам. З таго часу, як Фінляндыя вырашыла ўступіць у НАТА, ёй даводзіцца быць гатовай да самых розных дзеянняў Расеі. Расея сярод іншага славіцца тым, што выкарыстоўвае ў якасці зброі бежанцаў», – папярэджвае фінскае выданне.

* * *

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак вырашыў у значнай ступені перакроіць свой кабінет – спрабуючы выратаваць яго пазіцыі, якія пахіснуліся. Так, на пасаду міністра замежных спраў прызначаны Дэвід Кэмеран, які некалі сам стаяў на чале ўрада. Джэймс Клеверлі, які дагэтуль кіраваў знешнепалітычным ведамствам, зараз зойме пасаду міністра ўнутраных спраў, замяніўшы звольненую з гэтай пасады Суэлу Браверман, кандыдатура якой выклікала нямала спрэчак. «На сцэну выходзіць таленавіты міністр, але гэта наўрад ці дапаможа», – лічыць венская газета Der Standard.

«Хай Дэвід Кэмеран пацярпеў паразу па выніках рэферэндуму аб брэкзіце і дапусціў тую ці іншую памылку ў знешняй палітыцы. Але ў параўнанні з той кучкай бясталанных гарлапанаў, якіх занесла ў парламент на хвалі брэкзіта, гэты талковы экс-спецыяліст па сувязях з грамадскасцю па-ранейшаму знаходзіцца ў першых шэрагах брытанскай палітыкі. Новапрызначаны міністр замежных спраў, напэўна, будзе пераканаўча адстойваць інтарэсы партыі і ўрада. Хоць наўрад ці гэта выратуе кансерватараў: брытанцы відавочна настроены на змену партыі, якая знаходзіцца ва ўладзе», – адзначае аўстрыйскае выданне.

* * *

Прэм’ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта падаў у адстаўку. Прычынай таму стаў прэс-рэліз пракуратуры, паводле якога супраць кіраўніка ўрада магло пачацца расследаванне па абвінавачанні ў карупцыі. Цяпер жа высветлілася, што пракуратура дапусціла сур’ёзную памылку пры аналізе як мінімум адной перахопленай тэлефоннай размовы, і пераблытала прэм’ер-міністра Антонію Кошту з міністрам эканомікі Антонію Коштай Сілвай. «Партугальскай дэмакратыі нанесены цяжкі ўдар», – канстатуе лісабонская газета Público.

«Прэм’ер-міністр, абраны абсалютнай большасцю галасоў, падаў у адстаўку праз адзін абзац у прэс-рэлізе пракуратуры, у аснове якога ляжыць як мінімум адна памылка. Гэта важна ведаць не дзеля абароны Антонію Кошты, а дзеля абароны дэмакратычнай сістэмы. Мы перажываем самы сур’ёзны палітычны крызіс у гісторыі нашай дэмакратыі. Агульны недавер да палітычнага класа зараз, здаецца, стаў афіцыйным. Пытанне ў тым, чаму ўсё гэта зайшло так далёка. Аб дэталях расследавання пакуль што вядома вельмі мала, але тое, што вядома, выклікае вялікія сумневы ў тым, што судовы працэс адбудзецца – ці будзе даведзены да канца», – наракае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя