Юрый Дзегцяроў: Людзі не дазваляюць сабе іншае думкі акрамя перамогі



Жыццё працягваецца, і гэта пры тым, што ваеннае становішча ніхто не адмяняе. Пра гэта распавёў наш сённяшні Госць Рацыі беларус Юрый Дзегцяроў, які ў ваенны час надалей жыве ва Украіне. Людзі не дазваляюць сабе іншае думкі акрамя перамогі і гатовыя яе чакаць столькі, колькі спатрэбіцца.

Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Давайце акрэслім цяперашняе вашае бачанне і разуменне вайны за апошнія два месяцы. Што змянілася, а калі нічога не змянілася, то чаму?

Юрый Дзехцяроў: За гэты час я думаю, што вялікіх зменаў, на жаль, не адбылося, але добра, што іх не адбылося і з боку нашага ворага. Так, у іх з’явіліся партнёры – і з Ірана, і з Паўночнай Карэі. Кажуць, што і з Кітаю нейкія пастаўкі ёсць. Між тым ва Украіне больш узмоцненыя сілы супрацьпаветранай абароны. З’явіліся ракеты большай далёкасці. Таму нейкіх масавых атак на гарады пакуль што няма. Але чакаем. Звычайна чакаем атакі на інфраструктуру. Пачаўся ацяпляльны сезон, то ўжо былі атакі і на Хмяльніцкую АЭС, і на ТЭЦ, таксама пад Хмяльніцкам. То бок, мы гатовы і ведаем чаго чакаць. І людзі ўжо запасліся, як і ў мінулым годзе і свечкамі, і газавымі балонамі, каб гатаваць ежу, ліхтарыкамі, зараднымі прыстасаваннямі і іншым, што магло б часова дапамагаць пры знікненні электрычнасці і ацяплення.

РР: Ці маглі б мы сёлетнюю восень параўнаць да восені мінулага году? Асноўныя адрозненні.

Юрый Дзехцяроў: Я думаю, што гэтая восень больш спакойна ўспрымаецца менавіта з боку менталітэту людзей. Няма вось такой панікі: што рабіць, дзе браць якіясь генератары. Зараз гэта ўжо ўсё ёсць. І ідзеш, напрыклад, па Львове, каля якога-небудзь стаматалагічнага цэнтру, або каля аптэк, крамаў, то бачыш, што стаяць гэтыя генератары, якія пакуль маўчаць. Людзі зараз больш размаўляюць пра іншае, вы напэўна, чулі, што ва Украіне ідзе перыяд размеркавання бюджэту на наступны год, і зараз амаль паўсюдна ў вялікіх гарадах адбываюцца мітынгі. Быў на адным такім мітынгу ў Львове каля валасной дзяржадміністрацыі. Людзі выходзяць з такім лозунгам «Спачатку дроны – пасля стадыёны». Тратуар пачакае, пачакаюць стадыёны, першачаргова трэба працаваць на ЗСУ, працаваць на перамогу. І гэтыя мітынгі праходзяць ужо з тыдзень, штодзённа.

Цалкам размова:

– Прадстаўнікі нашай беларускай дыяспары збіраюцца выпусціць невялікую газетку для ўкраінцаў, каб распавесці пра дзейнасць беларусаў ва Украіне і ў іншых краінах, у тым ліку ў плане падтрымкі ўкраінскага змагання, – падагульніў беларус Юры Дзегцяроў.

Беларускае Радыё Рацыя