Вызначылі пераможцаў і лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча
Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» вызначылі шасцярых пераможцаў і васьмярых лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, што грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.
Сёлета дзеля бяспекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іхным сваякам, пры жаданні, захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыйнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.
Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Пераможцаў і лаўрэатаў вызначала Рада Беларускага ПЭНа.
Пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталі:
Алесь Бяляцкі з успамінамі пра музей Максіма Багдановіча;
Алег Груздзіловіч з кнігай «Мае турэмныя муры»;
Марк Каласок з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна);
Вольга Класкоўская з турэмнымі дзённікамі;
Летапісец з нататкамі (назва не абвяшчаецца публічна);
Нікола Тэсла з кнігай (назва не абвяшчаецца публічна).
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены, сталі:
Уладзімер Гундар з вершам «У свеце, якім бы ён ні быў…»;
Андрэй Кузнечык з вершамі;
Спадар Лапычаў з вершамі;
Ілья Міронаў з вершам «Думаеце, такога не бывае?» і нататкамі;
Павал Севярынец з вершамі;
Анатоль Хіневіч з вершам «Паглядзі ў люстэрка…»;
Сяргей Ціханоўскі з вершамі;
Max V. Detta з вершамі.
Каментуючы выбар журы, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай сказала: «Сёлета, абвяшчаючы пераможцаў і лаўрэатаў, мы адзначаем не толькі літаратурнае майстэрства, але і непахіснасць духу аўтараў, якія пішуць ва ўмовах няволі. Кожная старонка іх твораў – гэта не проста словы, а адлюстраванне іх барацьбы за свабоду думкі і выказвання. Уручаючы гэтую прэмію, мы не толькі адзначаем іх талент, але і падтрымліваем іх нязломнае памкненне да свабоды».
Адрасы ўвязненых пераможцаў і лаўрэатаў прэміі можна знайсці тут.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча за творы, што грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе, была заснаваная Беларускім ПЭН і «Радыё Свабода» ў 2013 годзе.
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандр Лапшын (2018), Уладзімір Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандр Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Святлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021) і іншыя.
Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.