Агляд прэсы: «Раздзел свету» на дваіх



Літва забараняе транзіт тавараў падвойнага прызначэння. Сустрэча Байдэна і Сі: чаго чакаць? У Польшчы фармуюць новы парламент. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Урад Літвы ў сераду абнавіў нацыянальны спіс кантраляваных тавараў падвойнага прызначэння, якія забароненыя да перавозкі па тэрыторыі Літвы. «Гэты крок стаў адказам на павелічэнне экспарту тавараў з Літвы ў трэція краіны летась і сёлета, частка якіх трапляе ў Расею і Беларусь», – перадае літоўскае выданне lrt.lt.

«Літва прыкладае ўсе намаганні, каб скараціць тэхнічныя магчымасці Расеі і Беларусі для вядзення баявых дзеянняў ва Украіне. Яшчэ ў чэрвені краіна абмежавала экспарт тавараў падвойнага прызначэння, якія праз Літву, Беларусь і Расею экспартуюцца ў краіны Цэнтральнай Азіі і якія могуць выкарыстоўвацца для ваенных дзеянняў ва Украіне. А зараз паводле назіранняў за сітуацыяй у рэгіёне ўводзяцца дадатковыя абмежаванні. Пастановай урада вызначана, што ў пералік таксама ўключаць апрацоўчыя цэнтры, станкі такарныя, свідравальныя, фрэзерныя, разьбанаразныя, аптычныя і паўправадніковыя носьбіты, дыяксід марганца, літый-іённыя гальванічныя элементы і акумулятары, транспартныя сродкі для перавозкі грузаў, барометры. Паводле звестак міністэрства, гэтыя тавары выкарыстоўваюцца ў вытворчасці аскепкава-фугасных снарадаў для танкаў, якія потым выкарыстоўваюцца ў вайне ва Украіне. Між тым, гальванічныя элементы і батарэі з’яўляюцца аднымі з асноўных кампанентаў у вытворчасці ваенных БЛА. У чэрвені ўрад Літвы забараніў наземныя перавозкі праз Літву 57 груп тавараў падвойнага прызначэння, у асноўным прадукцыі з мікраэлектроннымі і паўправадніковымі кампанентамі», – паведамляе літоўскае выданне.

***

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін маюць намер правесці двухбаковую сустрэчу на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС) у Сан-Францыска. Гэтая сустрэча рыхтавалася на працягу некалькіх месяцаў, і лічыцца, што яна стане сведчаннем асцярожнага збліжэння дзвюх дзяржаў пасля фазы напружанасці, якая абвастрылася ў тым ліку і ў сувязі з тайваньскім пытаннем. «Сустрэча будзе падобная на паядынак», – прагназуе парыжскі каталіцкі веснік La Croix.

«Абедзве дзяржавы апантаныя адчуваннем таго, што знаходзяцца ці ледзь не ў экзістэнцыйным спаборніцтве. Сі Цзіньпін відавочна аддае перавагу Уладзіміру Пуціну, з якім ён за апошнія дзесяць гадоў сустракаўся каля сарака разоў – і якога пасля расейскага ўварвання ва Украіну выратаваў ад міжнароднай ізаляцыі. Масква і Пекін аб’ядноўваюцца супраць Захаду, чый універсалісты праект яны адпрэчваюць. Джо Байдэн у сваю чаргу заклікае дэмакратычныя краіны згуртаваць свае шэрагі. Сустрэча ў Сан-Францыска, напэўна, пройдзе не ў самай цёплай атмасферы», – наракае французскае выданне.

***

У панядзелак у Варшаве адбылося першае паседжанне толькі што абранага польскага Сейма. Падчас пасяджэння парламенцкая большасць выбрала старшынёй цэнтрысцкага палітыка Шымона Галаўню. На мінулым тыдні прэзідэнт Дуда даручыў партыі ПіС сфармаваць урад – насуперак відавочнай бесперспектыўнасці гэтай задумы – з прычыны адсутнасці ў ПіС партнёраў ці саюзнікаў. Польскі партал Interia мяркуе, што наступны кіраўнік урада Польшчы, якім, як мяркуецца, стане Дональд Туск, сутыкнецца з вельмі складанай задачай.

«З пачаткам новай парламенцкай легіслатуры польская палітыка ўступае на тэрыторыю, на якой ёй не даводзілася бываць цягам усіх апошніх шаснаццаці гадоў. Да гэтага часу краінай кіравалі альянсы, якія ўтвараліся на аснове пэўных праграм і менталітэтаў: спачатку ліберальна-дэмакратычных – блок партый Грамадзянская платформа і Польская сялянская партыя, а пасля правапапулісцкіх, але зараз усё зусім інакш. Адыходзячы ўрад павінен заняцца вынаходствам новага асноватворнага міфа для сваёй партыі, яму таксама чакаюцца радыкальныя кадравыя змены. Пераход улады да кааліцыі, якая будзе створана не па любові, але зыходзячы з неабходнасці, і ідэалогія якой вельмі экзатычная, апынецца справай вельмі і вельмі няпростай», – папярэджвае польскае выданне.

***

У адрас шведскай актывісткі барацьбы за клімат Грэты Тунберг і руху «Пятніцы дзеля будучыні» ўсё часцей раздаецца крытыка з-за іх аднабаковай прапалестынскай пазіцыі ў дачыненні да канфлікту на Блізкім Усходзе. Падчас мітынгу ў абарону клімату, які прайшоў у мінулую нядзелю ў Амстэрдаме, адна з выступоўцаў нават перадала мікрафон актывістцы, якая пракрычала ў рупар лозунг з патрабаваннем свабоднай Палестыны «ад ракі да мора». «Рух у абарону клімату страціў свой патэнцыял у плане прыцягнення новых прыхільнікаў», – лагічную выснову робіць лонданская газета The Daily Telegraph.

«Для Тунберг цяпер прадстаўляе праблему тая група кліматычных актывістаў, якая не падзяляе антыкапіталістычнага парадку дня. Гэта, напрыклад, супрацоўнікі магазінаў ужываных рэчаў, выручка ад продажу якіх ідзе на дабрачынныя мэты, і іншых дабрачынных арганізацый. Як будзе гэтым людзям назіраць, як іхняя справа перараджаецца ў нейкі ўсеагульны сацыялістычны крыжовы паход? Вялікая перавага кампаній, якія ставяць перад сабой толькі адну мэту і задачу – тое, што яны здольныя аб’ядноўваць людзей, якія могуць не сыходзіцца ў меркаваннях па ўсіх іншых пытаннях. Не варта чакаць таго, што ўсе гэтыя разрозненыя групы зараз аб’яднаюцца пад сцягам новага «народнага фронту», які ўзначальвае Грэта Тунберг. Яе час у якасці лідара і іконы руху застаўся ў мінулым», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя