Ці зменіцца палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі?
У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы перамог кандыдат ад апазіцыйнай партыі “Права і Справядлівасць” Анджэй Дуда, апярэдзіўшы дзеючага прэзідэнта краіны Браніслава Камароўскага.
На думку старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоля Лябедзькі, не гледзячы на тое, які з кандыдатаў пераможа ў другім туры выбараў, палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі не зменіцца.
– “ПіС” і “Платформа” маюць кансэнсус, што датычыць Беларусі. Нядаўна мы былі з рабочай паездкай у Варшаве. Мы стварылі ў Сейме беларуска-польскую міжпартыйную пляцоўку для супрацы. І там прадстаўлены дэпутаты абедзвюх вядучых фракцый у Сейме. Таму, каго б ні абралі: Камароўскага ці яго апанента, – нічога не памяняецца ў дачыненні да Менска.
Паводле афіцыйных дадзеных, Анджэй Дуда стаў пераможцам першага тура выбараў і атрымаў падтрымку 34,76%, апярэдзіўшы Браніслава Камароўскага, якога падтрымала 33,77% выбаршчыкаў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота telewizjarepublika.pl