Дзяліла радасці і нягоды
16 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Леанілы Чарняўскай (1893-1976) – беларускай пісьменніцы, педагога, перакладчыцы.
Леаніла Чарняўская нарадзілася ў вёсцы Таргуны Докшыцкага раёна. Скончыла Марыінскае вышэйшае вучылішча ў Вільні (1910). 3 1911 года настаўнічала ў вёсцы Залессе Дзісенскага павета.
У 1919 годзе дзяўчына пераехала ў Вільню, дзе ўладкавалася на працу ў Віленскую беларускую гімназію. У гэтым жа годзе выйшла замуж за пісьменніка Максіма Гарэцкага, з якім дзяліла радасці і нягоды, у неверагодна цяжкіх умовах зберагала яго архіў.
У 1923–1925 і 1928-1932 гадах жанчына жыла ў Менску, у 1926–1928 гадах – у Горках Магілёўскай вобласці. А потым працавала перакладчыцай у Белдзяржвыдавецтве, у 1929–1932 гадах была супрацоўніцай часопіса «Іскры Ільіча».
Першае апавяданне Леанілы Чарняўскай «Мікітка» было надрукавана ў 1921 годзе ў газеце «Наша думка». Яна з’яўляецца аўтарам зборніка «Дзяціныя гульні» (1919), чытанак «Родны край» (1919, перавыдаваліся да 1936), кніг прозы «Валуй – камісар часоў кераншчыны», «Бяздзетуха», «Апавяданні», «Падарожніца» (усе 1930). З друку выйшлі кнігі для дзяцей «Варка» (1928), «Кот Знайдзён» (1929), «Андрэйка», (1930), «Перамога» (1932), «Сталёвы конь» (1938), «Жук» (1960).
Пасля ад’езду ў Вятку ў 1932 годзе — следам за мужам, які быў высланы з Беларусі пасля арышту па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі — імя Леанілы Чарняўскай дастаткова рэдка згадвалася ў друку, яна адышла ад літаратурнай дзейнасці і напісала ўсяго некалькі празаічных твораў. Грамадская атмасфера была неспрыяльная для творчасці; высылка мужа і яго смерць, безумоўна, прымусілі Леанілу Чарняўскую па-іншаму паглядзець на савецкую рэчаіснасць. Разам з тым у 1960 і 1979 гадах пабачылі свет зборнікі апавяданняў Леанілы Чарняўскай, адрасаваныя дзецям, а кніга «Апавяданні», выдадзеная ў 1983 годзе, была адзначана ў друку станоўчымі рэцэнзіямі.
У 1944 годзе на фронце загінуў яе сын, лейтэнант Леанід Гарэцкі. 3 1947 Леаніла Чарняўская жыла ў Ленінградзе. Апошнія восем гадоў жыцця яна цяжка хварэла, была поўнасцю прыкутай да ложка. Памерла пісьменніца 26 верасня 1976 года.
Беларускае Радыё Рацыя