У Варшаве прайшоў вернісаж фатографа Аляксандра Кот-Зайцава
Беларускі фатограф Аляксандр Кот-Зайцаў зладзіў вернісаж персанальнай выставы „DOM” у Варшаве.
Як распавёў творца, „DOM” – гэта суб’ектыўны фотадакумент, спроба зразумець і паказаць, як тая ці іншая прастора ўплывае на асобу з досведам эміграцыі:
– Тэма праекту з’явілася з досыць нязвыклай сітуацыі, што я ў чужой краіне, у Польшчы, раптам адчуў сябе як дома. Мне тут было вельмі камфортна, у мяне пачалі з’яўляцца сябры. Я падумаў, чым жа тады з’яўляецца гэты ўнутраны дом, гэтае пачуццё, што ты дома, калі і ў чужой краіне атрымліваецца адчуваць сябе камфортна і на сваім месцы. У гэты момант пачаў думаць пра тое, што дом гэта напэўна не нейкая лакацыя, не нейкая геаграфічнае месца, а гэта хутчэй за ўсё нейкае пачуццё ўнутры, якое чалавек заўсёды мае з сабой.
На вернісажы ў Музеі Вольнай Беларусі таксама выступіў гурт Naviband. Акрамя таго, баяніст Аляксандр Ясінскі падрыхтаваў саўндтрэк, які будзе гучаць падчас усёй працы выставы да 3 снежня ўключна.
Беларускае Радыё Рацыя