Аляксандру Пракапенку 16 лістапада споўнілася б 70 гадоў



16 лістапада споўнілася б 70 гадоў самаму народнаму футбалісту Беларусі Аляксандру Пракапенку. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, беларускі футбаліст, чэмпіён СССР (1982), адзіны прадстаўнік Беларусі – бронзавы прызёр алімпійскіх гульняў (1980). Аднак лёс адмераў яму толькі 35 гадоў.

Аляксандр Пракапенка быў сапраўдным кумірам сярод футбольных заўзятараў, ніхто з слаўнай плеяды менскіх дынамаўцаў не карыстаўся такой папулярнасцю як ён.

Аляксандр Пракапенка скончыў сярэднюю школу № 5 (3 гімназія) горада Бабруйска. У пачатку 1960-х гадоў зборная па футболе гэтай школы пяць гадоў запар выйгравала Кубак сяброўства для зборных школ Беларусі і Балтыі.

Выхаванец Бабруйскай ДЮСШ па футболе. Трэнер Уладзімір Сасункевіч. Пачаў гуляць у 1962 годзе ў Бабруйску ў дзіцячай камандзе, затым у клубнай камандзе «Будаўнік» (Бабруйск) – 1971-1972 (па чэрвень).

У «Дынама» (Мінск) – з ліпеня 1972 года па 1983 год, стаўшы чэмпіёнам СССР у 1982 годзе. У 1983 годзе быў адлічаны з каманды за «сістэматычнае парушэнне рэжыму». З 1983 па 1984 год гуляў за «Тарпеда» (Менск). У канцы 1984 года быў змешчаны ў Мазырскі ЛПП, дзе правёў год.

Пазней гуляў за «Дняпро» (Магілёў) – 1986 (па чэрвень), «Нафтчы» (Баку) – 1987 (па красавік). У зборнай СССР – адзін матч; у алімпійскай зборнай СССР (1980) – дзве гульні ў 1980 годзе.

У вышэйшай лізе Пракапенка правёў 168 матчаў, на яго рахунку 52 галы («Дынама» – 163, 51).

У студзені 1989 г. зноў адпраўлены ў Мазырскі ЛПП, дзе правёў два месяцы. Увечары 29 сакавіка 1989 гады ў рэстаране гасцініцы «Менск» раптам адчуў сябе дрэнна і раптоўна памёр. Па адной з версій Пракапенка падавіўся кавалкам шашлыка.

Пахаваны Аляксандр Пракапенка на могілках у вёсцы Токары Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя