Фінляндыя закрывае 4 пункты пропуску на мяжы з Расеяй



Фінляндыя закрывае пункты пропуску Ваалімаа, Нуямаа, Імарта і Ніірала на мяжы з Расеяй 18 лістапада. Рашэнне прыняў сёння, 16 лістапада, урад краіны. На мяжы будуць працаваць толькі два пункты пропуску.

Фота: rajaliikenne.fi

„Мы дзейнічаем рашуча і хутка, каб сітуацыя на ўсходняй мяжы не пагоршылася”, – заявіў прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа.

Міністр унутраных спраў Мары Рантанен заявіла, што мера дапаможа спыніць нелегальнае перасячэнне фінска-расейскай мяжы. Яна падкрэсліла, што ўрад гатовы прыняць больш сур’ёзныя меры ў выпадку неабходнасці.

У апошнія дні Фінляндыя фіксавала рэзка ўзрослую колькасць просьбітаў прытулку на мяжы з Расеяй. Гэта былі грамадзяне трэціх краінаў без дакументаў, неабходных для ўезду ў краіну. Фінская памежная служба лічыць, што расейскія памежнікі сталі знарок прапускаць такіх людзей са свайго боку, паведамляе reform.by.