Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця пройдзе ў Гданьску
Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца з 2012 года. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў – Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».
25 лістапада 2023 года ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.
Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды.
На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт «Relikt», які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.
Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы.
14:00 – прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» пра палітзняволенага праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата. Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі – і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў гэтага руху. Чытач зможа пабачыць Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць. Кнігу прадставіць адна з аўтарак праекта – Таццяна Нядбай.
16.00 – сустрэча з журналісткай, пісьменніцай і рэдактаркай, аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс, якая піша пад псеўданімам Евы Вежнавец. Святлана атрымала прэмію Ежы Гедройця ў 2021 годзе за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
Выдатная навіна: на ўсіх імпрэзах можна будзе набыць беларускія кнігі!
Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання – Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Шчыра дзякуем за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі: Музею Гданьска, Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы імя Джозефа Конрада Кажанёўскага, Таварыству беларусаў на Памор’і, Установе культуры мясцовага самакіравання Паморскага ваяводства, Фонду міжнароднай салідарнасці.
Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праз спасылку ІМПРЭЗЫ | Chatka (btkchatka.org).
Сёлета працы ўдзельнікаў ацэньваюць шасцёра літаратурных экспертаў:
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры, аўтар дзесяці кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей. Перакладае паэзію з французскай, англійскай, польскай, украінскай моваў.
Катажына Дрозд-Урбаньска – кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Даследуе гісторыю беларускай літаратуры, сучасную беларускую літаратуру, культуразнаўства.
Ціхан Чарнякевіч – літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info. Працаваў у газеце «ЛіМ», часопісе «Маладосць», у ліквідаваных Беларускім ПЭН-цэнтры і Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кнігі «Вандроўнік» (2016).
Ева Вежнавец (Святлана Курс) – пісьменніца, лаўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2020 года за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург. Прафесар, доктар габілітаваны, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў XII сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:
1. Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
Алег Дашкевіч прайшоў цікавы шлях ад трэнера па боксе да аўтара, чыя кніга трапіла ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройця. Матэрыял для кнігі збіраўся на працягу дваццаці гадоў! «З вышыні птушынага палёту» – першая кніга аўтара. У ёй сабраныя творы, што друкаваліся на працягу больш як дваццаці гадоў у розных перыядычных выданнях. Гэта апавяданні, створаныя ў розных жанрах, але аб’яднаныя адной атмасферай. Містыка ў іх суседнічае з рэальнасцю, унутраныя адчуванні – з вонкавым дзеяннем. Праўдзівыя рэпартажы з нашага жыцця ў такім вірлівым, складаным і рознакаляровым часе.
2. Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
Сяргей Лескець – фатограф, гісторык, этнограф. У творчасці надае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў аматарскай фатаграфіі. Дзевяць гадоў таму ён пачаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Вандруючы ад вёскі да вёскі, Сяргей Лескець шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.
У кнізе «Шэпт» чытач зможа адчуць смак падарожжа і пабачыць амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці.
3. Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк – Свярубская) нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. З 1993 працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі… Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў», – напісаў пра кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» Уладзімір Арлоў.
4. Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
Сцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Гродне. Гісторык і культурны антраполаг, доктар гуманітарных навук, дацэнт ЕГУ. З 2007 года актыўна публікуе даследаванні, прысвечаныя пытанням гісторыі і культурнай спадчыны. «Пасажыры карабля Тэсэя» – першая мастацкая кніга аўтара.
«Усе творы, змешчаныя ў кнізе, складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў – мы губім тое, што любім. Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях», – кажа пісьменнік пра сваю кнігу.
5. Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
Іна Снарская ў сваёй кнізе пераносіць нас у вёску на Полаччыне. Як кажа сама аўтарка, кожную гісторыю яна пісала сэрцам. Яна нарадзілася ў Полацку, а цяпер жыве ў Палтаве. Сябра Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (ранейшы СБП), Нацыянальнага таварыства пісьменнікаў Украіны.
«Зачараваны скарб» – аповесць, якая складаецца з кароткіх аповедаў. «Галоўная гераіня – маленькая дзяўчынка, якой была я сама, а цяпер, хоць і вырасла, у душы ёю застаюся. І гэтая дарослая “я” таксама апавядае, знаходзіцца нібы за кадрам. Месца дзеі – вёскі Сястронкі, Варонічы полацкага раёна, горад Полацк, час дашкольнага маленства», – расказвае Іна Снарская пра сваю кнігу.
6. Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022)
Кніга «Там, дзе нас няма» – добры прыклад таго, як літаратура набывае сваю вагу і пераасэнсоўваецца цягам часу. Макс Шчур – паэт, перакладчык, празаік і эсэіст. Нарадзіўся ў Брэсце. «Я пісаў раман пра сваю мінскую маладосць гадоў шэсць запар у 1999–2004-м, ужо ў эміграцыі. Даслаў рукапіс на прэмію Юхнаўца, выграў – пасля чаго пра кнігу, аўтара і саму прэмію тут жа забылі. Аднак 2020 год нечакана зрабіў мой раман ізноў актуальным, а 2022 год канчаткова прымусіў мяне яго адрэдагаваць і ўрэшце – амаль праз 20 гадоў – апублікаваць».
Аўтар ужо атрымліваў прэмію імя Ежы Гедройця – у 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт».
Паводле прэс-рэлізу