Менскія дынамаўцы прайгралі „Віцязю”
Хакеісты менскага „Дынама” няўдала завяршылі чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. У шостым матчы лістапада на лёдзе „Менск-Арэны” падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага прымалі аўтсайдэра Захаду – „Віцязь”, які ў гэтым сезоне ўжо ўвайшоў у гісторыю „Дынама”: менавіта ў гульні з клубам з Балашыхі 4 верасня „зубры” святкавалі самую буйную перамогу за ўвесь час выступаў у КХЛ 7:0. Аднак сустрэча з паядынкам двухмесячнай даўніны нічога агульнага не мела. Лік быў адкрыты гасцямі на 8-й хвіліне стартавай трэці, але на перапынак каманды адправіліся пры роўных лічбах на табло: за мінчан вызначыўся Нік Мёрклі. У самым пачатку наступнага адрэзка „Віцязь” выйшаў наперад зноў – у распараджэнні „Дынама” было практычна два поўныя перыяды на выпраўленне сітуацыі, але скарыстацца сваімі шанцамі „зубры” так і не змаглі. Фінальная сірэна зафіксавала паразу гаспадароў лёду з лікам 1:2, хакеісты з Балашыхі, у сваю чаргу, выйгралі чацвёрты матч запар.
Хакеісты „Металурга” і „Брэста” перамаглі ў матчах беларускай экстралігі
У чацвер трыма матчамі ў Наваполацку, Берасці і Жлобіне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. „Металург”, які знаходзіўся ў крызісе, на сваім лёдзе сустракаўся з аршанскім „Лакаматывам” і ў выніку перамог 4:3. Гэтая перамога стала для „Металурга” толькі другой у апошніх дзевяці матчах, аршанцы прайгралі ўжо дзясяты раз за месячны адрэзак. У Берасці хакеістам мясцовага клуба і „Дынама-Маладзечна” асноўнага часу не хапіла – зыход сустрэчы вырашыўся ў авертайме, дзе вікторыю гаспадарам з лікам 2:1 прынёс Павел Развадоўскі. Наваполацкі „Хімік” у серыі пасляматчавых кідкоў нанёс паразу сталічнаму „Юнацтву” – 4:3.
Каралёк дапамог гандбалістам „Кельце” згуляць унічыю з „Заграбам”
У гандбольнай Лізе чэмпіёнаў завяршылася першае кола групавога этапа. У групе А польскі „Кельцэ” да апошняй хвіліны прайграваў на выездзе харвацкаму „Заграбу”, але змог адысці ад паразы – 22:22. Беларускі лінейны польскага клуба Арцём Каралёк закінуў адзін мяч.
Футбалісты Венгрыі і Славакіі сталі чарговымі фіналістамі Еўра-2024.
На футбольных арэнах Еўропы прайшлі чарговыя паядынкі перадапошняга тура адборавага турніру чэмпіянату кантынента 2024 года. У кваліфікацыйнай групе G футбалісты зборнай Венгрыі ў Сафіі згулялі ўнічыю з камандай Балгарыі – 2:2, і забяспечылі сабе выхад у фінальную стадыю Еўра-2024. На 7-й кампенсаванай хвіліне другога тайма паўабаронца гаспадароў поля Алекс Пяткоў зрэзаў мяч у сваю браму і дапамог венграм адысці ад паразы. У іншым паядынку гэтага квінтэта чарнагорцы абыгралі ў Падгорыцы зборную Літвы – 2:0. У квінтэце J зборная Славакіі перамагла ў Браціславе ісландцаў з лікам 4:2 і ўслед за Партугаліяй прайшла ў фінал ЧЕ. Партугальцы выйгралі дзевяты паядынак запар, перамогшы на выездзе каманду Ліхтэнштэйна – 2:0. Футбалісты Люксембурга перайгралі на сваім полі зборную Босніі і Герцагавіны – 4:1. У групе А яе лідары футбалісты Іспаніі перамаглі ў Лімасоле кіпрыётаў з лікам 3:1. У Тбілісі зборная Грузіі згуляла ўнічыю з камандай Шатландыі – 2:2. Іспанцы і шатландцы даўно забяспечылі сабе пуцёўкі ў фінальную стадыю Еўра-2024. У групе F зборная Аўстрыі, якая разам з Бельгіяй датэрмінова выйшла ў фінал ЧЕ, перамагла ў Таліне эстонцаў – 2:0. Азербайджанскія футбалісты нечакана разграмілі ў Баку зборную Швецыі з лікам 3:0. Пуцёўкі ў фінал ЧЕ таксама заваявалі зборныя Англіі, Партугаліі, Турцыі і Францыі. Зборная Беларусі свой перадапошні паядынак у групе I правядзе заўтра ў Будапешце супраць каманды Андоры.
Джокавіч выйграў у Гуркача на выніковым турніры АТР
Серб Новак Джокавіч здабыў другую перамогу на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Турыне. У „зялёнай” групе першы нумар сусветнага рэйтынгу адолеў у трохсэтавым паядынку паляка Хуберта Гуркача, які замяніў грэка Стэфанаса Цыцыпаса, – 7:6 (7:1), 4:6, 6:1.