Быў міністрам па вайсковых справах БНР



17 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага палітычнага і ваеннага дзеяча, педагога, публіцыста і перакладчыка Кастуся Езавітава (1893-1946).

Кастусь Езавітаў, 1916 г.

Нарадзіўся Кастусь Езавітаў ў сям’і кадравага афіцэра. У 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае ваеннае вучылішча. У 1913 годзе ён стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады. У Першую сусветную вайну Кастусь Езавітаў праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод салдатаў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. У лютым 1918 года ён стаў камендантам Менска. За ўдзел у працы Першага ўсебеларускага з’езда і за дзейнасць па стварэнні беларускага войска ў студзені 1918 года быў арыштаваны ВЧК, але здолеў уцячы.

Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Менска і Менскага гарнізону. 25 сакавіка 1918 года ўдзельнічаў у абвяшчэнні БНР, уваходзіў у склад Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (міністра абароны).

Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Кастусь Езавітаў, 1919 г.

У 1919—1920 гадах Кастусь Езавітаў з’яўляўся кіраўніком Вайскова-лыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Наладзіў дыпламатычныя стасункі беларускага ўраду з урадамі Ўкраіны, Літвы, Латвіі і Фінляндыі, звяртаўся з просьбай аб ваеннай дапамозе да ўраду ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраенне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса Станіслава Булак-Булаховіча. У траўні 1920 года «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званне генерал-маёра.

Кастусь Езавітаў/

У 1921—1944 гадах Кастусь Езавітаў жыў у Рызе, узначаліў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне ў Рызе. Дзякуючы Езавітаву беларуская супольнасць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР.  Ён быў намеснікам старшыні таварыства “Бацькаўшчына” у Латвіі, узначальваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае. Прымаў удзел у Пражскай і Берлінскай палітычных канферэнцыях. Рэдагаваў газэту “Голас беларуса” і часопіс “Беларуская школа ў Латвіі”. За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі (у 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах).

Кастусь Езавітаў і Уладзімір Сядура, 1942 г.

Падчас Другой сусветнай вайны Кастусь Езавітаў займаўся арганізацыяй у Латвіі беларускіх школ. На Другім усебеларускім кангрэсе ён быў абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады. У 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР.

Кастусь Езавітаў быў затрыманы СМЕРШам у красавіку 1945 года. Паводле афіцыйнай версіі, памёр падчас следства ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946 года, паводле іншых звестак – расстраляны ў менскай сядзібе НКВД.

Паштоўка, 1993 г.

Беларускае Радыё Рацыя