Юстына Карпіловіч: З нараджэння займаюся музыкай



Сямейны гурт вядомага барда і пісьменніка Зміцера Бартосіка ўзнік у гарачым 2020-годзе ў Менску. Выступалі з дваравымі канцэртамі ў выбарчы перыяд, ужо паўтара года сям’я жыве ў Варшаве, а сёння вечарам „Бартосікі” выступяць у Беластоку.

Да нас у студыю завітала Юстына Карпіловіч, дачка Зміцера Бартосіка:

РР: Ці быў у цябе выбар займацца музыкай ці не займацца?

– Шчыра кажучы я пачала займацца музыкай, як толькі мне споўнілася гады два. Ёсць такая гісторыя, што я пачала спяваць раней, чым гаварыць. Вельмі доўга не магла загаварыць, так плынна неяк. Была сітуацыя, калі мой бацька проста спяваў песні дзесьці ў нас на лецішчы. Песні, якія ён спяваў вельмі часта, відавочна я малая іх ужо запомніла. Таму ў пэўны момант я проста пачала спяваць з ім, яму падпяваць, а не размаўляць. Таму можна сказаць, што я адразу з нараджэння займаюся музыкай, выбару не было.

РР: Уяўляю, як цябе з маленства прымушалі чытаць ноты.

– Такога не было насамрэч. У мяне заўсёды быў выбар. Адзінае, што я не тое што не вырашала, ісці мне ў музычную школу або не, але я памятаю, што ў дзяцінстве я сапраўды хацела туды пайсці. Я глядзела на тое, як займаецца мая старэйшая сястра і мой старэйшы брат. Яны займаліся ў такім калектыве дзесьці там у сваёй музычнай школе. Мне таксама вельмі хацелася спяваць. Таму мяне адразу запісалі ў музычную школу, пасля мне давялося выбраць сабе музычны інструмент, на якім я грала.

РР: Які гэта быў інструмент?

– Гэта быў вельмі цікавы інструмент, з якім звязаная даволі сумная для мяне гісторыя. Інструмент – гэта домра, такі круглы, падобны да мандаліны, але гэта не мандаліна. Гэта такі трохструнны інструмент. Я грала на ім тры гады. Але на жаль пасля ў мяне пачаў развівацца моцны скаліёз. Калі ты граеш на домры, то ты сядзіш у такой пазіцыі, якая вельмі правакуе далейшае развіццё скаліёзу. Таму мне забаранілі граць на гэтым інструменце. Я вельмі любіла і сваю настаўніцу, сам гэты працэс. Я памятаю, што я нават паспела паўдзельнічаць у нейкіх конкурсах. Пасля мяне аддалі на фартэпіяна і мне шчыра кажучы ўвогуле не падабалася.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Юстына Карпіловіч і Зміцер Бартосік

Беларускае Радыё Рацыя