„Нёман” працягнуў кантракт з Ігарам Кавалевічам
„Нёман” аб’явіў аб падаўжэнні пагаднення з цяперашнім галоўным трэнерам Ігарам Кавалевічам. Цяпер 55-гадовы спецыяліст зможа працаваць у клубе да канца 2024 года. Пад кіраўніцтвам Кавалевіча „Нёман” упершыню з 2002 года забяспечыў сабе медалі вышэйшай лігі. За два туры да фінішу гарадзенцы займаюць другое месца і ніжэй ужо дакладна не апусцяцца. Пры гэтым яны яшчэ маюць прывідны шанец абысці менскае „Дынама”, якое апярэджвае іх на 4 ачкі. На гэты момант кіраўніцтвам Кавалевіча, які прыйшоў у чэрвені 2016 года, „Нёман” правёў у рамках чэмпіянату 222 матчы, у якіх у 92 перамог 55 згуляў унічыю і 75 прайграў, розніца мячоў 278-237, што з’яўляецца другім паказчыкам у гісторыі клуба, зазначае прэс-служба гарадзенцаў.
Аргенціна і Бразілія другі раз у гісторыі прайгралі ў адзін дзень
Зборныя Аргенціны і Бразіліі саступілі ў пятым туры адборавага турніру Чэмпіяната свету па футболе 2026. Для аргенцінцаў, якія не змаглі супрацьстаяць зборнай Уругвая і прайгралі 0:2, гэта ўвогуле першая параза ў рангу дзеючых чэмпіёнаў. Бразілія, у сваю чаргу, прайграла другі раз запар, саступіўшы ў гасцях зборнай Калумбіі – 1:2. Гісторыкі Opta звярнулі ўвагу, што лідары футбола Паўднёвай Амерыкі толькі ў другі раз у гісторыі прайгралі ў адзін дзень у кваліфікацыі Чэмпіяната свету. Першы выпадак, дарэчы, быў зафіксаваны не так даўно – у кастрычніку 2015 года Бразілія саступіла Чылі 0:2, а Аргенціна з такім жа лікам Эквадору. Зборная Аргенціны пакуль у групе займае першае месца, апярэджваючы уругвайцаў на два ачкі. Бразілія пасля двух паразаў апусцілася на пяты радок.
У Кубку Беларусі па міні-футболе прымуць удзел 40 каманд
Сёння ў Доме футбола адбудзецца лёсаванне Кубка Беларусі па міні-футболе. У XXXIV розыгрышы згуляюць 40 каманд – гэта рэкордная колькасць за ўсю гісторыю правядзення турніру.
У розыгрышы Кубка, апроч 12 каманд вышэйшай лігі, згуляюць 28 прадстаўнікоў калектываў фізкультуры, якія прадставяць сталіцу і ўсе вобласці краіны. Шары з назвамі 28 каманд будуць змешчаныя ў адзін кошык, і 16 з іх прымуць удзел у пачатковай стадыі Кубка, сфармаваўшы 8 пар. Затым пройдзе лёсаванне 1/16 фіналу. Каманды вышэйшай лігі на гэтай стадыі выступяць у ролі гасцей, яшчэ 4 каманды, якія адправяцца на выезд, вызначыць лёсаванне.
Матчы 1/32 фіналу пройдуць 2/3 снежня, а паядынкі 1/16 фіналу адбудуцца 9/10 снежня.
Новак Джокавіч выйшаў у паўфінал выніковага турніру АТР
Серб Новак Джокавіч стаў трэцім паўфіналістам выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Турыне. Выйсці ў паўфінал першай ракетцы планеты дапамагла перамога лідара „зялёнай” групы італьянскага тэнісіста Яніка Сінэра над датчанінам Хольгерам Рунэ – 6:2, 5:7, 6:4. Джокавіч у трэцім туры адолеў паляка Хуберта Гуркача, які замяніў грэка Стэфанаса Цыцыпаса, – 7:6 (7:1), 4:6, 6:1. У актыве Сінэра тры вікторыі ў трох сустрэчах, у Джокавіча дзве перамогі і другое месца ў гэтым квартэце. Раней першым у паўфінал прайшоў расіянін Данііл Мядзведзеў, які святкаваў дзве вікторыі ў „чырвонай” групе – над сваім суайчыннікам Андрэем Рублёвым і прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым.
Беларускае Радыё Рацыя