Яўген Барышнікаў выступіў у Беластоку
Беларускі бард Яўген Барышнікаў зайграў канцэрт у Беластоку.
Выступ адбыўся ў рамках нядаўна створанага тут Беластоцкага беларускага музычнага клуба, які збіраецца шточацвер у бары Beer4U і ладзіць канцэрты беларускіх музыкаў. Яўген Барышнікаў адзначыў, што Беласток і Падляшша для яго знакавае месца, тут ён неаднойчы быў удзельнікам фестывалю „Бардаўская восень”. А таксама тут ён пачаў пісаць адну з сваіх апошніх песень «Зорапад», прысвечаную вайне ва Украіне.
– Песня «Зарапад» напісаная і выдадзеная была ў гадавіну вайны. Песня, якая пачала пісацца тут 1 лістапада, бо памятаю, што раптам былі выходныя, я забыў, што гэта выходны дзень у Польшчы, я думаў, што паеду дамоў і буду працаваць. А аказалася, што выходны дзень. І я гуляў па Беластоку, у парку палаца Браніцкіх. І мне прыйшло паведамленне, што ў Львове паветраная трывога. І адсюль нарадзілася гэтая песня. Ясна, што яна нарадзілася з кучы папярэдніх гісторый, але форму яна атрымала менавіта ў Беластоку. Таму мне сёння было асабліва важна яе выканаць.
Яўген Барышнікаў, пасля выезду з Беларусі, некаторы час жыў у Львове, дзе сустрэў вайну і займаўся валанцёрскай дапамогай. Зараз жыве ў Гданьску, дзе займаецца музыкай, літаратурай і яхтынгам.
Цалкам матэрыял:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя