У Паўла Падкарытава забіраюць сядзібу ў Падароску



Ва ўладальніка «Маёнтак Падароск» пад Ваўкавыскам Паўла Падкарытава забіраюць увесь комплекс – чатыры будынкі, якія давядзецца вярнуць мясцоваму аддзелу культуры. Дамовы з ім скасавалі пастановай судоў. Мецэнат прайшоў праз два судовыя працэсы, якія доўжыліся шэсць паседжанняў, але не змог захаваць сядзібу, дзе хацеў адкрыць музей шляхты і куды 10 гадоў укладваў грошы, піша Hrodna.life.

Фота: facebook.com/majontak.padarosk

Суды для скасавання дамоваў пачаліся ў жніўні 2023 года. У верасні Ваўкавыскі раённы суд на позву Ваўкавыскага аддзела культуры скасаваў дамову ад 2013 года набыцця аднаго з будынкаў маёнтка. Прычынай стала «невыкананне ўмовы ўводу аб’ектаў у гаспадарчы зварот». Цяпер праз Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці і Гарадзенскі абласны суд забралі і іншыя будынкі.

Як будзе адбывацца перадача будынкаў, Павал Падкарытаў яшчэ не ведае – мяркуе, што праз акт перадачы. Пакуль ён чакае дзеянняў ад аддзела культуры. Ягоная фірма пакуль працуе, але будзе згортваць дзейнасць. Людзі, якія там працуюць, будуць звольненыя.

Паводле словаў бізнэсмэна, далей лёс помніка будзе вызначаць Ваўкавыскі аддзел культуры.