Агляд прэсы: Твары супраціву



Беларускі палітвязень пачаў галадоўку пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Як правільна ўступаць у ЕЗ і НАТА? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна» паведаміла, што палітвязень Аляксандар Вайцешык абвясціў галадоўку ў горадзе Баранавічы на захадзе Беларусі пасьля прысуду да 15 сутак адміністрацыйнага арышту», – паведамляе амерыканскае выданне The Foxnews.

«Яго асудзілі па абвінавачанні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», якое ўлады часта выкарыстоўвалі для затрыманняў актывістаў у апошнія гады. Беларусь скалыналі масавыя пратэсты падчас спрэчных выбараў Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе, якія апазіцыя і Захад асудзілі як фальсіфікаваныя. З таго часу беларускія ўлады затрымалі больш за 35 000 чалавек, многія з якіх, як паведамляецца, падвяргаліся катаванням падчас зняволення. Вайцешык быў затрыманы 9 лістапада ўзброенымі людзьмі каля свайго дому, у той жа дзень былі затрыманыя 10 актывістаў апазіцыі, паведамляе «Вясна». Падчас ператрусу дома ў Вайцешыка канфіскавалі ноўтбук і тэлефон. У чацвер у паўднёвым горадзе Мазыры таксама быў затрыманы яшчэ адзін праваабаронца. Уладзімір Целяпун ехаў падаць скаргу ў гарадскія ўлады, але быў арыштаваны да прыезду. Зараз ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У Беларусі за кратамі знаходзяцца 1450 палітвязняў, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і праваабаронца Алесь Бяляцкі», – нагадвае амерыканскае выданне.

Паводле заявы прэзідэнта Рэспублікі Малдова Маі Санду, Кішынёў разглядае магчымасць уступлення ў Еўразвяз «паэтапна» – гэта значыць спачатку без Прыднястроўя, якое знаходзіцца пад расійскім кантролем. Ідэя ўступлення новых краін у супольнасць паэтапна, пакідаючы за дужкамі аспрэчваныя трэцімі бакамі тэрыторыі, абмяркоўваецца і ў германа-французскім дакладзе аб перспектывах пашырэння і рэфармавання Еўрасаюза. Курсіруюць і прапановы аб такім жа прыняцці новых членаў у шэрагі альянсу НАТА. У сваім артыкуле бухарэсцкая газета Adevărul дае наступны каментар.

«Гэтая прапанова носіць сапраўды рэвалюцыйны характар: Еўрапейская рада павінна даць дабро на правядзенне перамоваў па ўступленні Малдовы ў Еўразвяз у два этапы – спачатку без Прыднястроўя. Ці магчыма гэта? Калі так, то еўрапейскім лідарам трэба вызначыцца, ці будзе гэта аднамомантным рашэннем, якое прымяняецца толькі да Кішынёва, – ці яно распаўсюдзіцца і на Украіну з Грузіяй. Чыста тэарэтычна, Рада цалкам можа прапанаваць такое рашэнне, але ці пагодзяцца на яго палітычныя лідары Украіны і Грузіі? У гэта цяжка паверыць, паколькі Зяленскі ўпарта не хацеў вылучаць ніякіх прапаноў такога кшталту. Паглядзім, якія сігналы паступяць з Грузіі», – назірае за сітуацыяй румынскае выданне.

У аўторак прэм’ер-міністр Грэцыі Міцатакіс наведаў Берлін, дзе сустрэўся з канцлерам ФРГ Шольцам. У ходзе размовы ішла аб сітуацыі на Блізкім Усходзе і ва Украіне, а таксама абмяркоўвалася праблема нелегальнай міграцыі. Абодва лідары падкрэслілі цесныя і сяброўскія адносіны паміж дзвюма краінамі. У пятніцу, з візітам у Берлін прыбыў прэзідэнт Турцыі Эрдаган. «Як трэба рэагаваць на праблематычную пазіцыю Эрдагана па блізкаўсходнім канфлікце?», – задаецца пытаннем мюнхенская газета Süddeutsche Zeitung.

«Адным толькі маральным абурэннем на Эрдагана не паўплываць. Але ёсць і іншыя спосабы ўказаць прэзідэнту на межы яго магчымасцяў. У ідэале канцлеру ФРГ варта было б выкарыстаць момант знаходжання перад тэлекамерамі – і зрабіць выразную заяву са згадваннем дзяржавы Ізраіль. А за зачыненымі дзвярыма турэцкі прэзідэнт павінен пачуць, што яго ўдзел у заходняй дзяржаўнай мадэлі шмат у чым залежыць ад таго, ці здолее ён нарэшце пусціць у ход свой уплыў на ХАМАС. У гэтым плане цяперашні візіт – вельмі дарэчы. Лепшага моманту і ўявіць сабе нельга», – заўважае нямецкае выданне.

У Санкт-Пецярбурзе суд прыгаварыў мастачку і пацыфістку Сашу Скачыленку да сямі гадоў калоніі па абвінавачанні ў «распаўсюдзе загадзя ілжывай інфармацыі аб выкарыстанні ўзброеных сіл Расеі» ва Украіне. Скачыленка правяла ў СІЗА ўжо паўтара года. Яе «злачынства» складалася ў тым, што яна замяніла цэннікі ў адным з супермаркетаў горада на этыкеткі з антываеннымі выказваннямі. «Праўды гэты рэжым баіцца больш за ўсё», – піша расейскі апазіцыйны партал Эхо.

«Саша стала тварам расейскага супраціву. Яна – адказ на абвінавачанні ў калектыўнай адказнасці. Дарэчы, нягоднік пракурор Гладышаў прызнаў, што Саша на сваіх цэнніках напісала праўду. І сказаў, што яе віна не ў фэйках, а ў тым, што яна сеяла паніку. Гаварыла пра колькасць трупаў, якімі на дзесяцігоддзі наперад забяспечыў Расею Пуцін. Праўда – вось, чаго баяцца нягоднікі, вось, з чым ваююць», – наракае расейскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя