Лічбавыя карпарацыі ўскосна ўплываюць на палітыку



Калі я быў у Грузіі, здзівіўся, што прадукты карпарацыі «Гугль» там працуюць горш за расейскі «Яндэкс». Настолькі кепска, што пару разоў я трапляў у непрыемныя сітуацыі, ці то з мапай ці перакладчыкам. Але карпарацыі часта не пераймаюцца невялікімі, хай сабе і незалежнымі, краінамі.

Гісторыя з Грузіяй датычыць і Беларусі. Гаворка пра лічбавы суверэнітэт, які досыць абмежаваны. І Грузію, і Беларусь фактычна аддалі Расеі, нават падштурхнулі ў «абдымкі».

Беларусам прасцей шукаць інфармацыю на расейскіх пляцоўках пасля таго як незалежная журналістыка была знішчаная. А інфармацыйны прадукт, які вырабляецца за мяжой, індэксуецца пошукавымі сістэмамі на карысць расейскага кантэнту.

Такім чынам, хоць беларусы самыя прасунутыя карыстальнікі, інтэрнэту ў нашай частцы Еўропы, праз абыякавасць Гугля атрымліваюць дадатковыя дозы рускамірскай прапаганды.

Вядома, бізнес нікому нічога не павінны. Але ў заходнім свеце ёсць такое паняцце як рэпутацыйныя страты. Таму з ўладальнікамі лічбавых бізнесаў можна і варта размаўляць.

Што зрабіла, напрыклад, Святлана Ціханоўская 16 лістапада ў Партугаліі на сустрэчы «Вэб-саміт», які лічыцца адной з самых уплывовых тэхналагічных канферэнцый Еўропы. Цытую паводле сайту Святланы Ціханоўскай:

«Святлана Ціханоўская распавяла пра ролю тэхналогіяў у беларускім супраціве. У якасці прыкладаў яна прывяла платформу «Голас» і платформы для краўдфандынгу, а таксама «Беларускі гаюн», «Новую Беларусь» ды іншых. Беларуская лідарка заклікала тэхналагічныя кампаніі аказваць падтрымку беларускім незалежным медыя, блогерам і журналістам».

Новыя тэхналогіі дапамаглі беларусам самаарганізавацца ў 2020 годзе. Сітуацыя была фенаменальная, калі ўлічыць, што грамадска-палітычных лідараў не было, не было дзейных і арганізацый. Людзі проста на вачох утваралі гарызантальныя сувязі. Цяжка ўявіць колькі людзей між сабою перазнаёмілася.

Грамадства перафарматаваліся. Цяпер важна захаваць створанае, бо цемра не бывае вечна. А вялікі лічбавы бізнес можа дапамагаць людзям, якія адстойваюць святло.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя