Зорны спеў Зніча



Выйшаў у свет зборнік архіўных матэрыялаў ды выбраных публікацый розных часоў Зніча – айца Іаана – Алега Бембеля “Шляхам сумоўя”. На больш чым паўтысячы старонках раскрываецца кантэкст – сям’і і часу – у якім узрастаў цяпер 75-гадовы легендарны мніх, паэт, філосаф ды музыкант. Ён ужо 18 гадоў жыве ды творыць у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. Перад гэтым бліскучы пачатак кар’еры таленавітага навукоўцы ў 80-х быў перарваны выгнаннем з Акадэміі Навук з таўром “дысідэнта” за дысертацыю, што была прызнана “нацыяналістычнай”, ды выдадзеную ў Лондане працу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”.

Слонімскі літаратар ды гісторык Сяргей Чыгрын рэдагаваў дзясяткі кніг незалежных аўтараў і сябруе з айцом Іаанам.

IMG_1706

Сяргей Чыгрын: Гэта, бадай, другі том яго выбранай творчасці – першы колькі год таму выйшаў пад назовам “Крэсіва”. У “Шляхам сумоўя” айцец Іаан нібы падводзіць вынікі ўсяго жыццёвага і творчага шляху – ад маленькага Алега да сталага Творцы. Вырашыў уключыць у кнігу ўсё самае лепшае, што ўдалося зрабіць. Гэта гутаркі, уласныя ўспаміны, як ён сам казаў, “спляценне ідэяў, рухаў, постацяў” на мяжы двух тысячагоддзяў хрыстовай эры. Тым не менш, думаю, будзе і яшчэ працяг, бо матэрыялаў вельмі шмат, і раскіданы яны па розных выданнях. Увогуле ён шчыра хварэе за родную мову, за “праведна-беларускі” лёс праваслаўя. Хоча знайсці адказ на пілатаўскае пытанне богачалавеку – што ёсць Ісціна? Айцец Іаан застаецца вялікім беларусам і, дзякуй Богу, мы бачым яго, чуем Голас…

Слова пра сябра, аднадумца ды аднадушца гаворыць паэт Алесь Клышка, з якім разам зрабілі кнігу-трыпціх “Жыровіцкая пастараль”, Жыровіцкі камін” ды “Шлях да Жыровічаў”.

IMG_0133

Алесь Клышка: Гэта чалавек, што вызначыў мой шлях да Госпада, да Веры, да нашай беларускамоўнай Беларусі. Відаць, адзіны, хто ў нашай царкве мэтанакіравана ды ўвесь час гаворыць на матчынай мове. Выдае па-нашаму шматлікія “Жыровіцкія лісткі”. Гаворачы з гацямі з Масковіі, спакойна, упэўнена падкрэслівае сваю беларускасць. Зараз ён рыхтуе другую кнігу сваіх выбраных твораў. Увогуле робіць справу сумленна, годна, з вялікай любоўю. І калі ў яго бок часам гучаць закіды, што недастаткова рэзка выказвае сваю пазіцыю (а яна ёсць!) – прабачце, ён публічна мусіць захоўваць царкоўна-карпаратыўныя інтарэсы. Закіды, што ён робіць для беларусізацыі праваслаўнай царквы, тым, хто прыходзяць у храмы, будуць ацэненыя хіба пазней. Ён – выспа беларускасці ў моры Маскоўскага Патрыярхата!  

У Жыровіцах, у сценах Свята-Успенскага манастыра я сустрэўся са Знічам.

РР: Як ужываюцца “Слава Госпаду” і “Жыве Белаусь”, айцец Іаан і Алег Бембель?

Айцец Іаан: У адным слупочку:

“У Кіеве, Берліне і Маскве

Еўропа хрысціянская жыве

Уваскрасае пакрысе,

А покуль у Менску хай жыве

Канстантынопаль! Амінь!”

IMG_0311

РР: Але пад хрысціянскімі мяноклічамі расейская імперыя вынішчае зараз украінскую дзяржаўнасць, пагражае Беларусі “зялёнымі чалавечкамі”. Як для Вас суадносіцца вышэйшае і ніжэйшае ў гэтым жыцці?

Айцец Іаан: Тое, што мы назіраем, гэта не сутыкненне Украіны з Расеяй. Хрысціянская дзяржаўнасць разбураная ўжо як два вякі – спачатку на Захадзе, у Францыі. У 20 стагоддзі пачалася вайна паміж двума найвялікшымі хрысціянскімі дзяржавамі – Нямеччынай ды Расеяй, падчас якой яны зруйнавалі сябе. Пачалося трэцяе тысячагоддзе хрыстовай эры. Па ўсіх законах “знічвы” – так па-тутэйшаму завецца дыялектыка – усё павінна адбыцца. Тут паўсюдна пужаюць канцом свету – улады на гэтым зарабляюць. Дык вось, мы жывем пад д’яблавай спакусай глабальнага апакаліптычнага самагубства, якое за некалькі гадзін можа знішчыць усе вышэйшыя формы жыцця на Зямлі. Будзем маліцца, каб Гасподзь не дапусціў гэтым пальцам націснуць гэтыя кнопкі. Усё маё жыццё, як толькі ўзарвалі тыя дзве “бомбачкі”, прайшло пад пагрозай ядзернага апакаліпсіса. Як мая бабуля казала – “ахальныя бадародныя бомбы”. Будзем спадзявацца, што Гасподзь не дасць зрабіць гэта Дэману. Зямныя Цэсары найбольш магутных цэнтраў сілы – і добрыя, і нядобрыя – усе папушчаныя Госпадам. Альбо па добрых справах і малітвах нашых, альбо па грахах ды беззаконнях. Ён папускае зла не больш, чым для нашай карысці – каб агнём ачышчаць нашы грэшныя душы. Хай жа не больш папусціць!

Спакуса рогам і хвастом, і слодычы грахоў не кіне

між Хрыстом і ворагам яго ў пустыні.

Ад чашы горычы і болю, што на крыві – не на вадзе

Павінен выпіць сваю долю той, хто за Госпадам ідзе.

І калі п’еш без наракання, раскаянна, бо заслужыў

вянец уратавання, як той разбойнік на крыжы.

Я – суверэн сваёй сям’і, радзіўшы ў свет маленькіх чадаў

маёй малітвай і даглядам.

І хай ад здрадаў і нягод, як ад патоку свет загіне,

З каўчэжку малага майго паўстане зноў мая РАДЗІМА!

IMG_0294

“Шляхам сумоўя” Зніча выдадзены на грошы літоўскага бізнэсмена беларускага паходжання накладам усяго тысячу асобнікаў. Таму яго немагчыма будзе знайсці ў дзяржаўных кніжных крамах ды шапіках. Але й сам аўтар перакананы, што, як і боскае Слова, яго вершы ды ўспаміны некалі знойдуць масавага чытача.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя.