Арт-агляд



ІХ фестываль паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбываецца ад 13 па 26 лістапада ў Вільні і Таліне.

«Галоўная тэма сёлетняга фестывалю – адлегласць. Бо беларусы дакладна ведаюць, што значыць быць на адлегласці – з домам, блізкімі, сябрамі». – Так пішацца на сайце Святланы Ціханоўскай.Трэба разумець, што Офіс Святланы сёлета апякуецца гэтым культурным праектам, створаным беларускай Вольгай Чайкоўскай. Далей з сайту:

«У праграме фестывалю шмат беларускага кіно. Напрыклад, дакументальная стужка «Радзіма», намінаваная на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі – так званы «еўрапейскі Оскар», і мастацкі фільм «У жывым эфіры» пра гісторыю беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Таксама ў «Паўночным ззянні» удзельнічаюць фільмы рэжысёраў з Украіны, Літвы, Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі, Іспаніі і не толькі».

__________________

Наогул лістапад стаўся месяцам рознага беларускага кіно. Парадокс, але факт – вымушаная эміграцыя для многіх творцаў сталася дадатковым стымулам для стварэння беларускай культуры найноўшага часу.

Так  24-26 лістапада ў Варшаве ладзіцца фестываль беларускага кіно Bulbamovi.

Вось што кажа на сайце фестывалю дырэктар Bulbamovі Януш Гаўрылюк (цытую): «Сёлета, як і летась, мне не ўдалося скласці праграмы як сабе ўяўляў (расце колькасць фільмаў, якія ляжаць на паліцах – думаю зрабіць з іх у будучыні цэлы праграмны блок), але 9-ты Фестываль беларускага кіно BULBAMOVIE 2023 нягледзячы на праблемы, выглядае цалкам прыстойна. (канец цытаты).

Януш Гаўрылюк таксама гаворыць, што сёлетні фестываль будзе памежным паміж кінаэмігрантамі і кінапартызанамі, якія застаюцца ў Беларусі.

Што ж, будучыню цяпер амаль не магчыма прагназаваць. Але факт у тым, што Беларусь як ідэя і як працэс працягвае жыць і развівацца.

__________________

Асабіста я чакаю поўнамаштабную карціну ці міні-серыял пра Беларусь 2020 году. Перадумовы, кантэкст, вынікі, перспектывы. Я бачыў не адзін дакументальны фільм па тэме, але яны ўсе хутчэй для ўдзельнікаў акцый пратэсту, акцый салідарнасці і акцый яднання. Але не для знешняга назіральніка.

А хочацца пабачыць такую карціну, якая б чалавеку з іншага кантыненту патлумачыла што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе і чаму гэта важна ведаць усім. А менавіта тое, што беларускія змены – гэта прадвесце цывілізацыйных зменаў ва ўсім свеце.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя