Польшча згуляла ўнічыю і не выйшла з групы на Чэмпіянат Еўропы



Апошнія матчы групавога этапа ў групе Е вабілі сваёй інтрыгай. Ажно 4 каманды з 5-і захоўвалі шанцы на выхад на Еўра-2024. У прыватнасці, Польшча і Чэхія. Палякі дрэнна выступілі ў мінулых матчах Кваліфікацыі, таму гэтая гульня была для іх апошнім шанцам фінішаваць на 2 месцы ў групе. На варшаўскім „Нарадовым” бела-чырвоныя актыўна прэсінгавалі супернікаў па ўсяму полю, з-за чаго футбалістам Чэхіі даводзілася хутка расставацца з мячом.

Чэхі, верагодна, разумелі, што супернік на правах гаспадароў будзе спрабаваць гуляць першым нумарам. Таму сваёй асноўнай задачай абралі надзейна адыграць у абароне. І ім гэта вельмі добра ўдавалася, бо Польшча, нягледзячы на тое, што больш валодала мячом, сур’ёзных момантаў не стварыла.

Вядома, за выключэннем гола на 38-й хвіліне. Залеўскі з левага фланга аддаў перадачу ў цэнтр штрафной Чэхіі, а там мяч адскочыў да Пятроўскага. Якубу заставалася толькі прабіць у амаль пустую браму. На 49-й хвіліне чэхі зраўнялі лік дзякуючы голу капітана Томаша Соўчэка пасля кутавога. Вопытны гулец добра падхапіў мяч і дакладна прабіць. Выніковы лік – 1:1. А гэта азначае, што Польшча не выходзіць з групы. Апошні шанец палякаў прабіцца на Еўра – ужо праз Лігу Нацый. Затое Чэхія зараз на другім месцы ў групе Е з 12-ю ачкамі.

У Албаніі, якая напярэдадні згуляла ў Кішынёве ўнічыю з Малдовай 1:1, першае месца і 14 ачкоў – албанцы згуляюць на Еўра. У Малдовы – 10. Гэтыя 3 каманды яшчэ згуляюць па адным паядынку, якія вырашаць лёс дзвюх пуцёвак у Германію, на Чэмпіянат Еўропы. Таксама напярэдадні на Еўра прабілася зборная Даніі, якая перамагла Славенію 2:1. Пасля 9 з 10 згуляных матчаў у каманды 22 ачкі і першае месца ў групе Н. Датчане ўжо дакладна не апусцяцца ніжэй за другое месца, паколькі ў другой Славеніі 19 балаў, а ў трэцяга Казахстана – 18. Раней месца ў фінальнай стадыі Еўра-2024 сабе гарантавалі зборныя Аўстрыі, Англіі, Бельгіі, Венгрыі, Іспаніі, Партугаліі, Турцыі, Францыі, Шатландыі і Славакіі. Таксама там згуляе гаспадыня турніру Нямеччына. Нагадаю свой чарговы матч сёння правядзе зборная Беларусі, якая згуляе ў Будапешце з Андорай

Канадзец Сміт пакінуў менскае «Дынама»

Нападнік Джэмэл Сміт пакінуў менскае «Дынама». З ім скасаваны кантракт па пагадненні бакоў. Раней паведамлялася, што менскі клуб шукаў варыянты абмену Сміта, але не знайшоў іх. 29-гадовы канадзец перайшоў у «Дынама» ў ліпені, згуляў у 15 матчах, набраў 5 (4+1) ачкоў. Апошні раз ён выходзіў на лёд 31 кастрычніка.

Беларуска Марына Мулярчык выйграла бронзу на моладзевым чэмпіянаце Еўропы па боксе

У чарнагорскай Будве вызначыліся першыя прызёры чэмпіянату Еўропы па боксе – 2023 сярод спартоўцаў не старэйшых за 22 гады. На кантынентальны форум заявіліся 13 прадстаўнікоў нашай краіны – восем хлопцаў і пяць дзяўчат. У жаночых спаборніцтвах да медальных баёў здолела дабрацца толькі Марына Мулярчык, якая выступае ў вагавай катэгорыі да 57 кг. На стадыі адной чацвёртай фіналу беларуска перамагла Асю Ары з Германіі, але ў паўфінале саступіла чарнагорцы Баяне Гойкавіч. Аднак дзякуючы таму, што паядынкі за трэцяе месца на турніры не прадугледжаны, Мулярчык стала ўладальніцай бронзавага медаля.

Алькарас перамог Мядзведзева на выніковым турніры АТР у Турыне

На выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у Турыне вызначыліся паўфінальныя пары. У першым матчы 3-га тура „чырвонай” групы расеец Данііл Мядзведзеў, які пасля перамог над сваім суайчыннікам Андрэем Рублёвым і прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым ужо выйшаў у паўфінал, саступіў іспанцу Карласу Алькарасу – 4:6, 4:6. У заключным паядынку групавога этапу Рублёў будзе супернічаць са Зверавым. З „зялёнай” групы ў паўфінальную стадыю выйшлі італьянскі тэнісіст Янік Сінэр, які святкаваў тры вікторыі, а таксама дзейны пераможца гэтых спаборніцтваў лідар сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч, у актыве якога дзве перамогі. Такім чынам, у першым паўфінале Алькарас згуляе з Джокавічам, а потым Сінэр будзе супернічаць з Мядзведзевым. Пераможцы паўфінальных баталій заўтра згуляюць у вырашальным паядынку за першае месца.

Беларускае Радыё Рацыя