Нават дасведчаныя грыбнікі памыляюцца з бледнай паганкай



У Беларусі павялічылася колькасць смяротных атручванняў грыбамі. Днямі ў бальніцы Берасця памёр 45-гадовы жыхар Камянецкага раёна. Выявілася, што ён выпадкова ўжыў у ежу бледную паганку. Гэта чацвёрты смяротны выпадак з ліпеня, калі ў краіне пачаўся сезон нарыхтоўкі грыбоў. Усяго ж дапамога медыкаў пасля ўжывання дзікаросаў спатрэбілася 69-ці грамадзянам.

Лекарка засцерагае, што нават дасведчаныя нарыхтоўшчыкі памыляюцца з бледнай паганкай:

Самы атрутны грыб – гэта бледная паганка. Хаця людзі вельмі інфармаваныя пра тое, як ён выглядае, які ён небяспечны, усё адно перыядычна ён трапляе ў кошыкі грыбнікоў, нават самых дасведчаных.
Бледная паганка змяшчае небяспечныя рэчывы, якія разбураюць клеткі печані і нырак. Яны ёсць самай галоўнай небяспекай, паколькі пры іх ужыванні, асабліва калі ў вялікай колькасці, можа наступіць пячоначна-нырачная недастатковасць, што прывядзе да смерці.

У краіне ўжо завяршаецца сезон нарыхтоўкі грыбоў, але гэта не суцяшае медыкаў. Паводле іх, узімку рэгіструюцца атручванні ўжо кансерваванымі дарункамі прыроды і ў такіх выпадках небяспекі жыццю не меней.

Беларускае Радыё Рацыя