Агляд культурных падзей тыдня
На мінулым тыдні 12 лістапада адзначылі ўгодкі смерці Рамана Бандарэнкі. Ён стаўся адным з больш як дзесяці загінулых праз дзеянні лукашыстаў у 2020 годзе.
Імя Рамана Бандарэнкі звязанае з Плошчай Перамен – вялікім дваром на поўначы Менску. Плошча Перамен сталася адным са знакавых месцаў супрацьстаяння грамадзянаў і карнікаў у міліцэйскай форме.
У арганізацыі збіцця і ўласна збіцці, якое выклікала смерць Рамана Бандарэнкі, вінавацяцца блізкія да Лукашэнкі персанажы: Наталля Эйсмант, Дзмітры Шакута і Дзмітры Баскаў.
12 лістапада незалежныя грамадскія ініцыятывы ў розных краінах адзначаюць як Дзень салідарнасці з Беларуссю.
______________________
Святлана Ціханоўская 16 лістапада ў Партугаліі на сустрэчы «Вэб-саміт», які лічыцца адной з самых уплывовых тэхналагічных канферэнцый Еўропы, распавяла пра ролю тэхналогіяў у беларускім супраціве.
Сэнс падобных выступаў грамадска-палітычных дзеячаў на тэхналагічных канферэнцыях у тым, каб заклікаць бізнес да маральнай адказнасці за дзеянні, якія могуць уплываць на палітычную сітуацыю ў тым ці іншым рэгіёне планеты.
Інфармацыйная Трэцяя сусветная вайна даўно ідзе, і прывязка, напрыклад, беларускага інтэрнэту да Расеі можа мець яшчэ большыя праблемы для беларусаў, якія імкнуцца да свабоды.
______________________
Наагул мінулы тыдзень адзначаны імем Святланы Ціханоўскай. Так у сталіцы Партугаліі Лісабоне яна сустрэлася з дэпутатамі парламенту, якія ўтварылі групу «За дэмакратычную Беларусь». Гэта ўжо дваццаць трэцяя падобная ініцыятыва. Парламенцкія групы падтрымкі свабодных беларусаў ёсць у Еўразвязе, а таксама ЗША, Нарвегіі, Вялікай Брытаніі і Украіне.
Мяркую, украінская асабліва важная, бо ва ўкраінскім палітычным істэблішменце існуе вялікая доля дзеячаў, якія нейтральна ставяцца да дыктатара Лукашэнкі.
______________________
Зборнікі твораў першага класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Суд Жыткавіцкага раёну 8 лістапада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі збор твораў у 2 тамах «Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні», выдадзены ў 2007-2008 гадах выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
Дадам, што дзяржаўным выдавецтвам.
______________________
На Гарадзеншчыне знішчаецца ўнікальны культурны асяродак. Цытую паводле праваабарончай ініцыятывы «Вясна»:
«Ва ўладальніка «Маёнтак Падароск» пад Ваўкавыскам Паўла Падкарытава забіраюць увесь комплекс – чатыры будынкі, якія давядзецца вярнуць мясцоваму аддзелу культуры. Дамовы з ім скасавалі пастановай судоў«.
Павел Падкарытаў бізнесмен і мецэнат, які апошнія дзесяць гадоў укладаў грошы ў стварэнне музею шляхты.
Лукашэнкаўская сістэма паслядоўна знішчае не толькі грамадзянскую супольнасць, але персанальна беларушчыну. Фактычна мы назіраем этнацыд па прынцыпе расеефікацыі захопленых народаў.
Шляхецтва – важная частка нацыянальнага коду беларусаў. Шляхецтва – гэта пра дэмакратыю, пра выбары, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы.
______________________
На мінулым тыдні працягваліся палітычныя рэпрэсіі.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў заўважае, што тэрор супраць грамадства выйшаў на своеасабліва плато – ён не павялічваецца, але і не змяншаецца.
Палітычныя аглядальнікі асцярожна дапускаюць, што Лукашэнка шукае аднаўлення кантактаў на Захадзе. І што як раней не будзе, калі палітычных зняволеных абменьвалі на пэўныя саступкі. Толькі радыкальнай зменай сваёй палітыкі Лукашэнка можа ў прынцыпе разлічваць хоць на нейкі дыялог.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя