Вольга Класкоўская: Я асвяжыла пачуцці і апынулася зноўку за кратамі
Рада Беларускага ПЭН-цэнтра вызначыла пераможцаў і лаўрэатаў літаратурнай прэміі 2023 года імя Францішка Аляхновіча, напісаных аўтарамі, якія прайшлі праз зняволенне. Сярод шасці пераможцаў госця Беларускага Радыё Рацыя, былая палітзняволеная Вольга Класкоўская з успамінамі пра месцы зняволення пад назвай «Турэмныя дзённікі». Найперш мы павіншавалі нашу госцю з перамогай:
РР: Адразу хачу павіншаваць з атрыманнем прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру. А менавіта за турэмныя дзённікі. Як вы сустрэлі такую ацэнку свайго твора?
– Даволі эмацыйна ў тым плане, што гэта выклікала ў мяне вельмі шмат пачуццяў сентыментальных. Гэта вялікая ацэнка і не толькі персанальна мяне і майго твору, маіх турэмных дзённікаў, гэтыя ж дзённікі былі створаныя ўсімі палітвязнямі. Бо я апісваю досвед іншых палітвязняў, сустрэчы з імі, нашыя размовы, нашыя пачуцці, што мы разам перажывалі, як мы трымаліся, і таму гэта ацэнка вельмі важная, дорага каштуе, і ў мяне нават такі ўнутраны ўздым сёння адчуваецца, і я гэта ўспрымаю як ацэнку і шанаванне таксама ў стасунку да ўсіх палітвязняў і да іх пакутаў.
РР: Гэта галоўная тэма вашага твора, так?
– Так, я пачынала пісаць «Турэмныя дзённікі» за кратамі, але рукапісы, на жаль, не змагла вынесці з калоніі. Гэта палітвязні, гэта тое, што я перажыла, і я палічыла сваім маральным абавязкам распавесці пра свой пакутны досвед, калі ўжо апынулася ў бяспецы, у Швейцарыі, не для таго, каб да сабе спагаду нейкую выклікаць і на лёс на свой паскардзіцца, а каб свет і людзі ведалі ўсе рэаліі, што тое, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца з нявіннымі людзьмі за кратамі. І таксама палітвязні прасілі мяне напярэдадні вызвалення, каб я абавязкова, калі апынуся ў бяспецы, распавяла пра ўсё тое, што мы перажылі і што працягваюць перажываць палітвязні. Яны мне казалі ў прыватнасці, што мы цяпер не можам гаварыць, таму што мы за кратамі, але, калі ласка, стань у некім сэнсе нашым голасам, агуч усё тое, што ты бачыла і перажывала разам з намі.
Другая мэта дзённікаў таксама, якой я лічу важнай, гэта распавядаць пра людзей сістэмы, фіксаваць злачынствы рэжыму, дэананімізаваць людзей у пагонах, турэмнікаў, пісаць пра тыя вялікія злачынствы, які яны ажыццяўляюць у стасунку да палітвязняў. І прычым гэта не толькі пра вярхушку, адміністрацыю калоніі і следчых ізалятараў, і іншых супрацоўнікаў: звычайных, вертухаяў, так бы мовіць, усё тое, што я бачыла, тое, што я назірала, з чым сутыкалася, пра што мне іншыя палітвязні распавядалі, усё гэта я таксама апісала ў сваіх турэмных дзённіках.
РР: Вам цяжка было ўспамінаць тое, што вы перажылі? Ці гэта было такой псіхалагічнай разгрузкай?
– І тое, і тое. Было вельмі цяжка, бо каб усё гэта аднавіць, напісаць, дапісаць, яшчэ паразважаць. Вось апошнія часткі ў мене больш аналітычныя, развагам прысвечаныя. Для таго трэба было перанесціся зноўку за краты. У тыя ж самая варункі, у камеры штрафных ізалятараў,
у камеры СІЗА. Зноўку гэта ўсё перажыць, зноўку гэта ўсё ўбачыць, адчуць. І менавіта тады атрымлівалася ўсё гэта перанесці на паперу. Асвяжыць гэтыя пачуцці і апынуцца зноўку за кратамі.
Сярод пераможцаў таксама Алесь Бяляцкі, Алег Груздзіловіч, Марк Каласок, Летапісец, Нікола Тэсла. Лаўрэатамі літаратурнай прэміі сталі восем палітвязняў за вершы, напісаныя за кратамі. Гэта Уладзімір Гундар, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, Андрэй Кузнечык, Ілля Міронаў, Анатоль Хіневіч, Спадар Лапычаў, Max V. Detta.
Беларускае Радыё Рацыя