Рыгора Кастусёва змясцілі ў памяшканне камернага тыпу
Старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва адправілі ў памяшканне камернага тыпу ў Івацэвіцкай калоніі. Пра гэта паведаміў зяць палітвязня Зміцер Антончык. “Пацвердзілася інфармацыя. Рыгора Кастусёва змясцілі ў ПКТ. Хутчэй за ўсё, 11 лістапада”, – напісаў ён у Facebook.
Рыгор Кастусёў быў затрыманы ў 2021 годзе і ў верасні мінулага года асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па “справе аб дзяржперавароце”. Падчас утрымання пад вартай у яго было выяўлена анкалагічнае захворванне. У траўні паведамлялася, што ён патрапіў з калоніі ў бальніцу, дзе праводзілася яго абследаванне. Вынікі абследавання ні палітвязню, ні яго родным не паведамлялі.
Кастусёву – 66 гадоў. Раней ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары. “Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі. Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШІЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець”, — апісваў у пачатку кастрычніка Зміцер Антончык сітуацыю з цесцем.
Беларускае Радыё Рацыя