Смак кока-колы
Арыгінальная „Coca-Cola”, а не яе нікчэмныя пародыі „Добрый Cola” і „Черноголовка”, даступныя для расейскіх грамадзян! Дакладней, для расейскіх вайскоўцаў. Для гэтага адзіна трэба здацца ў палон ва Украіне. Згодна з Жэнеўскай канвенцыяй, кожны ваеннапалонны расеяц працуе ў лагеры шэсць дзён у тыдзень, за што атрымлівае заработную плату. Вядома, на восем даляраў у месяц не асабліва размахнешся ў лагернай краме, але на кока-калу і прысмакі хопіць. Украінская ўрадавая арганізацыя „Хачу жыць” адкрывае другі лагер для ваеннапалонных.
Іх колькасць імкліва расце па некалькіх прычынах: расейскі бок ужо некалькі месяцаў блакуе абмен; пагаршаецца матывацыя расейскіх жаўнераў, таму яны масава здаюцца ў палон, нягледзячы на перспектыву рэпрэсій па вяртанні ў РФ. Першы лагер – „Захад-1” – размешчаны ў Львоўскай вобласці, другі – „Захад-2” – у Вінніцкай, на мяжы з Малдовай. Зноў, як прадугледжана міжнароднымі канвенцыямі, лагеры знаходзяцца ў глыбокім тыле і адпавядаюць усім нормам гуманітарнага права.
Трохразовае харчаванне, медыцынская дапамога і сувязь з роднымі. Часта і самі бытавыя ўмовы лепшыя за тыя, у якіх прывыклі жыць у сябе дома ваеннапалонныя з расейскай глыбінкі. І яшчэ адзін важны момант, з пункту гледжання каардынатараў штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі: спроба выцягнуць з прапагандысцкай секты, у якой яны знаходзяцца ўсё жыццё. Для гэтага ваеннапалонным выкладаюць прыспешаны курс гісторыі Украіны, каб развянчаць пуцінскія легенды аб тым, што «Украіну прыдумаў Ленін». Калі ваеннапалонныя ідуць са сваіх жылых памяшканняў у сталовую, ім даводзіцца праходзіць праз вуліцу, на якой выстаўлены партрэты культурных і палітычных дзеячаў з мінулага Украіны.
Была анекдатычная сітуацыя, калі адзін з новапрыбылых, убачыўшы партрэт Сцяпана Бандэры, падумаў, што гэта фотаздымак Пуціна ў маладосці. Выбуху мозгу ад «суседства» з Тарасам Шаўчэнкам не адбылося. Украінцы разумеюць, што людскае стаўленне да варвараў – гэта частка вялікага шляху, каб даказаць: Украіна – дэмакратычная дзяржава, якая існуе ў міжнародным прававым полі. Але бачачы, якімі змучанымі і пакалечанымі вяртаюцца з расейскага палону іх суайчыннікі, з’яўляецца натуральнае жаданне зменшыць «курортнасць» утрымання акупантаў ва ўкраінскіх лагерах для ваеннапалонных.
І ў дадатак – стварыць урадавую арганізацыю «Прабачце нас». Каб кока-кола не здавалася такой салодкай.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя