У 2024 годзе вайскоўцы УС Беларусі правядуць баявыя пускі комплексу “Іскандэр”
У 2024 годзе “вянцом падрыхтоўкі” ракетнай брыгады, у якой на ўзбраенні знаходзіцца аператыўна-тактычны ракетны комплекс “Іскандэр”, стане “кантрольны занятак на адным з расейскіх палігонаў з баявымі пускамі”, заявіў у інтэрв’ю тэлекампаніі “ВаенТВ” начальнік ракетных войскаў і артылерыі УС Беларусі Руслан Чэхаў.
“Вопыт сучасных узброеных канфліктаў пацвярджае галоўную ролю ракетных войскаў і артылерыі ў агнявым паражэнні праціўніка. Кіраўніцтва нашай дзяржавы < … > пастаянна надае самую пільную ўвагу развіццю нашага роду войскаў”, — сказаў Чэхаў.
1 лютага 2023 года Мінабароны паведаміла, што беларускія вайскоўцы прыступілі да поўнай самастойнай эксплуатацыі АТРК “Іскандэр”. “Іскандэр” — гэта расейскае сямейства аператыўна-тактычных ракетных комплексаў. Яго асноўнае прызначэнне — знішчэнне сістэм СПА і СРА верагоднага праціўніка, а таксама важных аб’ектаў.