Зборная Беларусі прыляцела ў Прышціну, дзе згуляе з Косавам
Нацыянальная зборная Беларусі па футболе прыляцела ў Прышціну. Сёння адбудзецца перадматчавая трэніроўка і прэс-канферэнцыя, паведамляе прэс-служба БФФ. Гульня супраць Косава адбудзецца на стадыёне „Фадзіл Вокры” ў 22.45 па беларускім часе. Зборная Беларусі захоўвае шансы на чацвёртае месца ў групе. Для гэтага ў заключным туры трэба абыграць Косава на яго тэрыторыі. Першую вікторыю ў кваліфікацыі нашы суайчыннікі святкавалі якраз над Косавам 19 чэрвеня з лікам 2:1, дзякуючы галам Уладзіслава Марозава і Макса Эбонга.
Зборная Францыі забіла 14 галоў Гібралтару
Зборная Францыі ўсталявала некалькі рэкордаў, разграміўшы каманду Гібралтара з лікам 14:0 у матчы адборавага турніру Еўра-2024. Хет-трыкам за французаў адзначыўся Кіліян Мбапэ. Акрамя таго, ён жа аддаў тры выніковыя перадачы. Па дублю аформілі Кінгслі Коман і Аліўе Жыру. Каманда Дзідзье Дэшама святкавала самую буйную перамогу ў гісторыі адборавых турніраў на Еўра. Акрамя таго, гэтая перамога стала самай буйной у гісторыі зборнай Францыі.
Спартоўцы ЦКК перапынілі серыю паразаў у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы ЦКК здабылі першы заліковы бал у матчах 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Гародні ў паядынку 10-га тура каманда са Светлагорска згуляла ўнічыю з „УУС-Дынама” – 1:1. Да гэтага ЦКК пацярпеў восем паразаў запар. Усе фаварыты святкавалі ўпэўненыя перамогі. спартоўцы „Сталіцы” разграмілі менскі клуб „Ахова-Дынама” з лікам 9:2. Дзеючыя чэмпіёны застаюцца адзінай камандай, якая яшчэ не прайгравала ў гэтым першынстве, – 8 перамог і 1 нічыя. Сёмую вікторыю запар святкаваў аршанскі „Вітэн”, які абыграў на сваёй пляцоўцы „Барысаў-900” – 10:5. Гомельскі ВРЗ адолеў на выездзе менскі „Дарожнік” – 3:1. Яшчэ адзін гомельскі клуб БЧ разышоўся мірам са сталічным „Дынама-БНТУ” – 4:4. У Берасці мясцовы „Меркурый-ДМК” выйграваў у „Менска” 2:0, але не ўтрымаў перамогу, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю – 2:2.
Хакеісты „Брэста”, „Магілёва” і „Лакаматыва” перамаглі ў матчах экстралігі
Трыма матчамі ў Менску, Магілёве і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Адкрываў гульнявую праграму дня паядынак у сталіцы паміж „Юнацтвам” і „Брэстам”. Асноўны час матчу завяршыўся з лікам 1:1 – на шайбу менчаніна Арсенія Каўгарэні ў канцоўцы трэцяга перыяду адказаў гулец каманды гасцей Максім Мельнікаў. Зыход сустрэчы вырашыўся ў серыі пасляматчавых кідкоў, дакладней у якой апынуліся паўднёўцы, пераможны буліт выканаў былы хакеіст „Юнацтва” Усевалад Кашкар. Мінчане прайгралі восьмы паядынак з апошніх дзесяці, „Брэст” выйграў ужо чацвёрты раз у гэтым месяцы. Самы выніковы матч нядзелі адбыўся ў Магілёве, дзе мясцовы клуб прымаў „Хімік”. Па ходу заключнай трэці гаспадары лёду вялі з лікам 3:2, але на апошняй хвіліне форвард навапалачан Павел Чарноў зраўняў лічбы на табло. Здавалася, авертайму не пазбегнуць, аднак за 20 секунд да сірэны аб заканчэнні перыяду Аляксандр Сёмачкін зноў вывеў „ільвоў” наперад, тым самым прынёс перамогу з лікам 4:3. Нягледзячы на поспех, магіляўчане працягваюць замыкаць турнірную табліцу, „Хімік” жа ідзе ў топ-6. У заключнай сустрэчы ўікэнда таксама да булітаў дагуляліся хакеісты „Дынама-Маладзечна” і „Лакаматыва”. У серыі пасляматчавых кідкоў „чыгуначнікі” рэалізавалі дзве спробы, а вось маладзечанцы ніводнай. У выніку 4:3, „Лакаматыў” паступова выходзіць з крызісу пасля нядаўняга адрэзка з дзесяці паразаў запар.
Серб Новак Джокавіч сёмы раз выйграў выніковы турнір АТР
Серб Новак Джокавіч другі раз запар і сёмы ў кар’еры стаў пераможцам выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. У фінальным паядынку спаборніцтваў у Турыне 36-гадовы Джокавіч перайграў 22-гадовага італьянскага тэнісіста Яніка Сінэра – 6:3, 6:3. Такім чынам, Новак Джокавіч стаў рэкардсменам па колькасці выйграных выніковых турніраў АТР, апярэдзіўшы легендарнага швейцарца Роджэра Федэрэра, у якога 6 перамог.
Ферстапен выйграў „Гран-пры Лас-Вегаса”
Пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен перамог на „Гран-пры Лас-Вегаса”. Дыстанцыя склала 50 кругоў. У нідэрландскага гоншчыка шостая перамога запар і 18-я сёлета. Ён змог аформіць чэмпіёнства яшчэ падчас спрынтарскай гонкі ў Катары. Другім фінішаваў Шарль Леклер з „Ферары” (адставанне 2,07 секунды, для яго гэты подыум стаў пятым у сезоне. На трэцім месцы апынуўся партнёр Ферстапена па камандзе Серхіа Перэс. Мексіканец дзявяты раз узняўся на подыум. Заключны этап „Формулы-1” пройдзе з 24 па 26 лістапада ў Абу-Дабі.
Беларускае Радыё Рацыя