Палеская летуценніца



20 лістапада спаўняецца 75 гадоў таленавітай беларускай паэтцы Яўгеніі Янішчыц (1948-1988).

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Яўгенія-Янішчыц-1024x1024.jpg
Яўгенія Янішчыц

“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “Палеская летуценніца” – так назвалі ў беларускай літаратуры выдатную паэтку Яўгенію Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна пакінула за сваё нядоўгае жыццё вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Постаць Яўгеніі Янішчыц – з шэрагаў знакавых асоб Беларусі.

Яўгенія Янішчыц нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Хрысцілі яе ў царкве ў вёсцы Парэчча. Успамінаюць, што ў Жэні была вельмі добрая памяць. У два гады яна ўжо магла расказаць маці, аб чым размаўляюць жанчыны на вуліцах, а ў чатыры была здольная паказаць, хто дзе жыве.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Падчас-сустрэчы-з-чытачамі.jpg
Падчас сустрэчы з чытачамі

У пяць гадоў Жэня папрасіла, каб яе адвялі ў Рудкаўскую школу Пінскага раёна. Але дзяўчынку аддалі туды толькі ў 1955 годзе. У чацвёртым класе дзеці разам з класным кіраўніком рыхтавалі свята для мам. І тады Жэня напіша верш да Міжнароднага жаночага дня і прысвеціць яго маці. Настаўнікі перавернулі ўсе падручнікі, каб знайсці, дзе надрукаваны радкі, бо не маглі паверыць у аўтарства дзяўчынкі – вельмі ж дарослыя вершы. Вершы, у якіх зарыфмавана само каханне:

Не шукаю гаманлівай славы
І вучуся сціпласці ў кабет…

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Яўгенія-Янішчыц-і-Еўдакія-Лось-1024x708.jpg
Яўгенія Янішчыц і Еўдакія Лось

Потым яна вучылася ў Мерчыцкай васьмігодцы. Там прачытала яшчэ адзін верш пра маму. Гэта былі самыя раннія яе творы. 1 верасня 1963 года Жэня прыйшла ў 9 клас Парэцкай сярэдняй школы. У тым жа годзе яна напісала першы рукапісны зборнік вершаў “Першыя россыпы”. Вельмі скора таленавітая дзяўчынка стала папулярнай не толькі ў школе, але і ў раёне. Яе вершы гучалі на лінейках, святочных канцэртах, з’явіліся на старонках абласных газет пад псеўданімамі Ясельдзянка, Жэня Заметкіна.

Яе вершы закранулі стрункі ў душы класікаў беларускай літаратуры — Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, якім Янішчыц дасылае свае творы. Будучы яшчэ вучаніцай, маладая паэтка атрымала ліст ад Ніла Гілевіча. Гэта была свайго роду сенсацыя. Усе ў школе прыйшлі, каб убачыць і прачытаць гэты ліст. У далейшым яны не толькі перапісваліся, але і сябравалі.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Яўгенія-Янішчыц-Таіса-Бондар-Ніл-Гілевіч-і-Пімен-Панчанка.jpg
Яўгенія Янішчыц, Таіса Бондар, Ніл Гілевіч і Пімен Панчанка

У 1966 годзе Яўгенія Янішчыц закончыла 11 класаў Парэцкай сярэдняй школы і ў жніўні паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ, пачала займацца там у літаратурным аб’яднанні «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка. З 21 кастрычніка 1969 года Жэня пачала друкаваць свае вершы амаль што ў кожнай газеце «Беларускі ўніверсітэт». У 1970 годзе выйшаў першы зборнік паэткі «Снежныя грамніцы».

Маладая аўтарка адразу звярнула на сябе ўвагу сваёй пранікнёнай лірыкай, пачала друкавацца. Адзін за адным выходзяць яе зборнікі вершаў: “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987). За кнігу “Пара любові і жалю” яна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы. А ў 1988 годзе выйшаў зборнік выбраных твораў “У шуме жытняга святла”.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Васіль-Быкаў-Яўгенія-Янішчыц-і-Ніл-Гілевіч-1024x590.jpg
Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц і Ніл Гілевіч

У літаратуры – што ні зборнік, то прэмія. Яе вершы друкуюцца ў Балгарыі. І сама Янішчыц спрабуе пашырыць творчую прастору – піша прозу, выступае ў друку з артыкуламі, рэцэнзіямі. Некаторыя творы паэтэсы (у тым ліку незакончаная паэма “Галалёд”) былі надрукаваны пасмяротна ў часопісе “Полымя” у 1993 годзе ў №5.

Вершы Яўгеніі Янішчыц перакладзены на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэткі кампазітары напісалі песні.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Максім-Танк-і-Яўгенія-Янішчыц.jpg
Максім Танк і Яўгенія Янішчыц

20 лістапада 1988 года ў Саюзе пісьменнікаў адзначылі яе саракагоддзе – былі падарункі, кветкі, добрыя словы, але шчасця ў асабістым жыцці Яўгеніі Янішчыц не было. Праз некалькі дзён пасля свята, 25 лістапада, яна ступіла ў вечнасць з восьмага паверха.

Паэтка пайшла з жыцця, пакінуўшы шчырыя, шчодрыя на краскі жыцця і любові, багатыя рознымі адценнямі вершы. Пайшла зусім маладой. І паспела за адведзены ёй час прывязаць да ўласных адкрыццяў чытача. Паэтка была і застаецца найвялікшай зоркай беларускай нацыянальнай паэзіі.

Яўгенія Янішчыц і Міхась Забэйда-Суміцкі
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie 88.jpg
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie 77.jpg
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie Першы-зборнік.png
Першы зборнік
Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie 55.jpg

Беларускае Радыё Рацыя