Лукашэнка зняў з пасады міністра эканомікі і адправіў паслом у Кітай
Аляксандр Лукашэнка прызначыў паслоў у Кітай, Зімбабвэ, ПАР, Сербію ды Інданезію, піша яго прэс-служба. Да прыкладу, Аляксандр Чарвякоў зняты з пасады міністра эканомікі і прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у КНР.
Кадравыя перастаноўкі Лукашэнка правёў пасля карупцыйнага скандалу. Раней КДБ паведаміў пра затрыманне шэрагу высокапастаўленых супрацоўнікаў буйных беларускіх прадпрыемстваў у малочнай галіне.
Паводле сілавікоў, айчынная малочная прадукцыя прадавалася з мінімальнай нацэнкай і ніжэй за сабекошт фірмам-пасрэднікам у Расеі, а тыя пастаўлялі прадукцыю на рынак па рыначным кошце. Даход пакідалі сабе кіраўнікі прадпрыемстваў і прадстаўнікі камерцыйных структур, частка грошай ішла на хабар.
Па справе затрыманыя 15 чалавек, у тым ліку генеральны дырэктар прадпрыемства „Бабушкіна крынка” Генадзь Скітаў.