У Лоеўскім раёне міліцыянты застрэлілі мужчыну са зброяй
У Лоеўскім раёне міліцыянты застрэлілі нецвярозага мужчыну са зброяй. Здарэнне адбылося ўчора ў вёсцы Ліскі, паведамляе прэс-служба МУС.
Мужчына, які звярнуўся ў міліцыю, напярэдадні выпіваў у кампаніі прыяцеляў, затым пайшоў дадому. Пасля двое сабутэльнікаў 36 і 39 гадоў прыйшлі да яго дома з абвінавачваннямі ў крадзяжы алкаголю. Пачалася сварка, адзін з мужчын пагражаў расправай і зрабіў стрэл з паляўнічай стрэльбы ў плот. Міліцыянты затрымалі аднаго з фігурантаў справы дома. Другога з паляўнічай стрэльбай знайшлі на адной з вуліц вёскі.
„На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і цывільных”, — піша прэс-служба МУС.
Міліцыянты зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне. Па дарозе ў бальніцу мужчына памёр. Раней ён быў судзімы за разбой і рабаванне.