Непублічнасць новага дзіўнага свету
Непублічнасць – магчыма, гэта будзе адным са словаў 2023 году.
Я кажу найперш пра Беларусь, але гэтае слова будзе датычыць і ўкраінцаў і ізраіліцянаў, і шмат каго спрычаснага да падзеяў, дзе адбываюцца рэчы, звязаныя з тэрорам.
Прывітанне, тут Севярын Квяткоўскі.
Агрэсія Расеі супраць Украіны – гэта тэрарызм у чыстым выглядзе. Прычым, на такім узроўні, што, маўляў, спрацуе – добра, не спрацуе – ну і хай сабе. Нічога асабліва не губляем. Бо сотні тысяч забітых і скалечаных для невялікай групоўкі мільярдэраў – гэта не страты.
Штосьці падобнае і з тэрарыстамі ў Ізраілі. Тыя, хто іх спансаруе, нічым не рызыкуюць, і нічога не губляюць.
Іх не шмат, і яны збольшага вядомыя персанажы – абліччы зла.
А вось тыя, хто ім супрацьстаіць у сучасным свеце мусяць быць невядомымі – дзеля ўласнай бяспекі.
З адкрытай вайной усё проста – цябе не мусяць ведаць, каб вораг не нашкодзіў. Таму калі ў мірным час актывістаў дабрачыннасці публічна ўшаноўваюць, то падчас вайны наадварот – хаваюць абліччы і змяняюць голас.
Тое самае датычыць спікераў у мас-медыя. Учора ты быў рэгулярным госцем відэаэфіраў, сёння ты ў закрытым фармаце пішаш аналітыку для ўнутранага карыстання міністэрствам абароны ці спецслужбаў.
Спажывец інфармацыі за апошнія дваццаць гадоў прызвычаіўся ўспрымаць рэальнасць праз карцінку. А карцінку сёння трэба хаваць.
Гадаваныя ў Савецкім Саюзе маюць такі карысны навык як уменне чытаць між радкоў.
«Навошта вы глядзіце гэтую лухту?» – эмацыйна пытаецца ў журналістаў далёкі ад кухні мас-медыя чалавек. Пытаецца пра прагляд прапаганды праціўніка.
Дык ёсць цэлыя вельмі непублічныя аналітычныя супольнасці, якія разбіраюць палітычную прапаганду. Ёсць спецыяльныя алгарытмы як здабываць з гурбаў інфармацыйнай гразюкі каштоўныя пясчынкі карыснай інфармацыі.
У выпадку з Беларуссю непублічнасць звязаная з небяспекай тэрору.
Заўважылі, што зніклі фотарэпартажы з культурніцкіх ды агульнаграмадскіх мерапрыемстваў?
Я то асабіста ведаю, што непадцэнзурнае культурніцкае жыццё ў Беларусі ёсць. Але людзі не свецяцца ў сацсетках.
Тое самае за мяжой. Не паверыце, але людзі з Беларусі прыязджаюць і ўдзельнічаюць у фестывалях, дыскусіях і прэзентацыях. Але ні іх абліччы, ні іх імёны не трапляюць у кадры.
«Што вы там у вашых офісах і кабінетах робіце? Мы не бачым руху!» і не ўбачыце, шаноўныя спажыўцы інфармацыі. Да пары да часу не ўбачыце. Бо калі ведаеце вы, то ведае і вораг. Гэта вайна. Гібрыдная, камбінаваная, але вайна.
Вайна – стан непублічнасці.
Беларускае Радыё Рацыя