Алесь Аркуш прэзентаваў сваю новую кнігу
„Вечар – як сон, у якім шмат агнёў” – так называецца новая кніга пісьменніка і нашага рэдакцыйнага калегі Алеся Аркуша.
Яе прэзентацыя адбылася ў беларускім хабе „Новая Зямля” ў Беластоку:
– Гэтая кніга ўтрымлівае раман і шэраг апавяданняў. Гэтыя апавяданні як бы дадаюць да разумення гэтага раману. Раман мае дакументальную аснову, ён практычна пра маю сям’ю. Там сярод галоўных герояў і мае дзяды па кудзелі і па мячы. Там мой брат родны, нават мая жонка сярод герояў. На 70% гэты раман абсалютна дакументальны, у ім большасць падзеяў якія насамрэч адбываліся. Але ёсць там штосьці, што я прыдумаў. Уяўляў, што гэтыя падзеі павінны быць і апісаў, як яны павінны адбывацца на маё разуменне. Апавяданні з кнігі напісаныя ў розны час, тут ёсць і вельмі раннія мае апавяданні. Але я падабраў такія, якія б утваралі з раманам агульную канву.
Беларускі пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш – аўтар 10 зборнікаў вершаў, 3 кніг эсэістыкі і 6 невялікіх раманаў. Шмат гадоў супрацоўнічае з Радыё Рацыя.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя