У каго папулярны расейскі ютуб



Знаёмы журналіст паглядзеў статыстыку па праглядах ютуб-каналаў беларусамі, і чарговы раз закапаў перспектыву беларускай нацыі. Маўляў, што з беларусамі ні рабі, яны ўсё роўна глядзяць у бок Расеі. Але ёсць нюанс – у спісах расейскіх ютубераў няма прапагандыстаў.

Пачытаўшы знаёмага журналіста, я дзеля інтарэсу зірнуў падобны ўкраінскі рэйтынг. Бо ва Украіне прыватныя медыі ў асфальт не закапывалі.

І, о дзіва – у тройцы самых папулярных ютубераў на другім месцы расейцы Марк Фейгін, а на трэцім Андрэй Піянткоўскі!

На першым украінскі вайсковы аналітык Алег Жданаў. Зразумела, што калі вайна, то вайсковы эксперт проста абавязаны быць першым. Я шмат слухаў Алега Жданава, і перакананы, што сакрэт яго поспеху не толькі ў аналітыцы, а ў тым, што блогер дорыць гледачу надзею.

Самі ўкраінцы знутры ведаюць пра каласальныя праблемы, якія спарадзіла вайна, найперш абвастрыла карупцыю ўсіх узроўняў. На чорным баку ўкраінскай сітуацыі медыі не акцэнтуюцца каб не даваць спажыву варожай прапагандзе. А надзея – патрэбная.

Але ж чаму менавіта расейскія спікеры ў топе? А, напрыклад, ці не самы бліскучы аналітык і публіцыст Украіны Віталь Портнікаў у рэйтынгу ў самым хвасце. Бо Портнікаў максімальна блізка апісвае падзеі і перспектывы. А суворая праўда не патрэбная, патрэбная надзея.

Калі Алег Жданаў дае надзею на перамогу ЗСУ, расейскія топ-блогеры ва ўкраінскім рэйтынгу даюць надзею на аслабленне Крамля і Расеі наагул.

Беларусы таксама актыўна глядзяць расейскіх і ўкраінскіх блогераў па тэме сітуацыі ва Украіне.

А цяпер у мяне пытанне да знаёмага журналіста – а каго беларусам яшчэ глядзець па тэме вайны ва Украіне, вынік якой наўпрост важны для перспектываў Беларусі?

Сам журналіст з аналітычнага аддзелу паважанага медыя. Вазьміце топ беларускіх аналітыкаў-спікераў. Ці яны займаюцца тэмай Украіны без прывязкі да Беларусі? Мой адказ – не.

Яны не дораць надзею і не даюць аб’ектыўную ацэнку. І я патлумачу чаму. Таму што заказчык, то бок уладальнік ці галоўны рэдактар медыя, не аплаціць падобную працу. А ўсё таму, што, маўляў, не тактычна і не дыпламатычна незалежным беларусам, выгнаным са сваёй краіны, каментаваць падзеі хоць бы дзе апроч Беларусі і вакол яе.

Таму беларускія гледачы ідуць да расейскамоўных блогераў.

Чаму Дудзь, чаму ў свой час Кац, чаму «Дождь»? Ды таму што яны распавядаюць што там у Расеі, а Расея – галоўны вораг не толькі Беларусі, а ўсяго рэгіёну між Балтыйскім і Чорным марамі. А беларускія медыйныя праекты не распавядаюць, у лепшым выпадку перапублікоўваюць. 

А яшчэ людзям патрэбнае шоу. У нашым выпадку шоу надзеі.

Беларускае Радыё Рацыя