Яўген Буры: У ЗША супрацу з бізнесам унутры Беларусі параўноўваюць з падтрымкай ХАМАСа ці Талібана



Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) правяла працоўны візіт з 29-га кастрычніка па 9-е лістапада ў ЗША. Там прадстаўнікі Асацыяцыі правялі шэраг сустрэчаў з органамі дзяржаўнай улады ЗША, прадстаўнікамі аналітычных і даследчых цэнтраў ды беларускай бізнес-дыяспары ЗША. Гаварылі перш за ўсё пра лес беларускага бізнесу ў выгнанні.

Наша калега Вольга Сямашка пагутарыла з прэзідэнтам Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Яўгенам Бурым пра асноўныя вынікі працоўнай паездкі ў ЗША; якое становішча беларускага бізнесу зараз і чым яму можа дапамагчы Асацыяцыя; якая краіна найбольш спрыяльная для размяшчэння бізнесу з Беларусі і наколькі аддзяляюць яго ад падсанкцыйнага бізнесу рэжыму Лукашэнкі:

РР: Што было найбольш карысным? Які візіт адыграў найбольшую ролю?

– Я б вызначыў тут тры галоўныя мэты. Першая мэта – гэта падрыхтоўка да першага бізнес-форуму, які адбудзецца ў Вашынгтоне ў пачатку наступнага года. Другая мэта – гэта прыцягненне новых сябраў асацыяцыі. Трэцяя мэта – гэта шчырая размова з федэральнымі ўладамі Злучаных Штатаў пра тое, што адбываецца сёння ў бізнес-асяроддзі за мяжой. Што трэба рабіць бізнесу, які застаўся ў краіне, ці трэба яму дапамагаць. Гэта тры асноўныя мэты. Што датычыцца вашага першага пытання, наколькі цёпла нас успрынялі самі беларусы, то сапраўды ў нас былі сустрэчы ва ўсіх гарадах, у Вашынгтоне таксама. У нас было два івента з беларускімі бізнесоўцамі. Таксама разам распрацоўвалі канцэпт вось гэтага форуму. Прапрацоўвалі складанасці, якія ёсць у Злучаных Штатах. Гэта быў вельмі цёплы прыём, ім вельмі падабаецца наша місія, якая гучыць, як „Ганарымся быць беларускім бізнесам”. Шмат людзей жадае быць датычнымі да гэтай справы, да нашай місіі.

РР: Асацыяцыя зарэгістравана і дзейнічае за мяжой?

– Яна зарэгістравана ў Польшчы, дзейнічае зараз не толькі ў Польшчы. На сёння мы маем 89 сябраў асацыяцыі. Усе нашыя сябры – гэта юрыдычныя асобы, ім не можа стаць фізічная асоба, просты грамадзянін. Нашы сябры, мэмберы мы яшчэ іх называем, зарэгістраваныя сёння ў дзесяці краінах свету. Асноўныя тры краіны – гэта, дзе больш за ўсё нашых мэмбераў – гэта Польшча, Літва і ЗША. Але зараз ужо па выніках візіту невядома, магчыма ЗША ўжо выйдзе на другое месца па колькасці нашых мэмбераў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцем Рацыі” – з прэзідэнтам Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Яўгенам Бурым пра вынікі працоўнага візіту ў ЗША камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя