Батумі: ужо год адбываюцца паказы фільмаў па-беларуску
У грузінскім Батумі ўжо цягам году адбываюцца паказы фільмаў па-беларуску. Некалькі апошніх месяцаў гэта мерапрыемства адбываецца па аўторках у прасторы якая мае назву Media Hub (вул. Парнаваз Мэпэ, 67) а 20-й гадзіне.
Пра паказы распавядае Мікола, адзін з арганізатараў:
– Вось ужо год, як адбываюцца гэтыя кінапаказы. Мы бачым, што гэта вельмі запатрабавана – глядзець менавіта на беларускай мове фільмы. Таму гэта нас падштурхоўвае працягваць іх рабіць. Людзям гэта цікава. Людзі самі выбіраюць фільмы, якія яны хочуць глядзець. Мы спрабуем глядзець усё, што цікава гледачам. Ім цікава як сусветныя фільмы, якія сябе зарэкамендавалі, але часам таксама фільмы не для ўсіх, штосьці эксперыментальнае.
Па словах Міколы на прагляды кіно па-беларуску прыходзяць не толькі беларусы, але і расейцы і ўкраінцы:
– Наш глядач – гэта часцей за ўсё беларусы. Але, канешне, бываюць выпадкі, калі прыходзілі і ўкраінцы, і расейцы. Магчыма ім проста цікава паслухаць як гучыць беларуская мова. Прыходзяць людзі розных узростаў. Могуць быць людзі, якім цікавы менавіта гэты фільм і гэтая тэма, і яны хочуць яго яшчэ раз паглядзець. Ці можа яны яго раней не бачылі і прыйшлі пабачыць. Таму аўдыторыя кожны раз розная, якой цікава менавіта тая стужка, якую мы глядзім.
21 лістапада беларусы Батумі акунуцца ў сусвет „Гатэля Гранд Будапешт”. Менавіта гэтую стужку па-беларуску выбралі падчас галасавання на адмыслова створаным для праглядаў тэлеграм-чаце.
Беларускае Радыё Рацыя