Ці пойдуць украінцы на дамоўленасці з Масквой?



Роўна дзесяць гадоў таму ва Украіне пачаліся падзеі, якія прывялі ў тым ліку і да сённяшняй поўнамаштабнай вайны супраць расейскай агрэсіі. Апошнім часам у свеце ўсё больш гучыць галасоў пра магчымасць правядзення мірных перамоў, але ці пойдуць украінцы на нейкія дамоўленасці з Масквой?

На нашае пытанне адказвае жыхар Кіеўшчыны, грамадскі дзеяч, які займаецца міратворчай і гуманітарнай дзейнасцю, Андрэй Каменшчыкаў:

– Украінскае грамадства ўсё ж такі яшчэ не гатовае на такія крокі. Я добра разумею жаданне, і гэта нармальнае жаданне краіны і жаданне людзей вярнуцца да міра і жыць нармальным жыццём. Але з іншага боку рызыкі ўмоўнага міру, які мог быць куплены, груба кажучы, па формуле міру ў абмен на тэрыторыі, яны вельмі высокія.

РР: Можна сказаць такая бомба запаволенага дзеяння.

Андрэй Каменшчыкаў: Так. Вось разумееце атрымліваецца такая супярэчнасць. Я не грамадзянін Украіны, гэта грамадзяне Украіны павінны рашаць, гэта іх права, але я гляджу на гэта, на жаль, бываюць у жыцці сітуацыі, калі няма добрага і дрэннага выбару, калі даводзіцца выбіраць паміж двума вельмі дрэннымі сцэнарамі. І ёсць абсалютна зразумелае – штодзённыя пакуты грамадзян краіны ў выніку развязанай вайны супраць гэтай краіны, а з іншага боку ёсць вельмі вялікія геапалітычныя рызыкі не толькі для Украіны, але ўвогуле і для свету, калі тыя дзеянні, якія ажыццяўляе сёння Крэмль, зможа прывесці да нейкага ўмоўнага поспеху.

І вось тут, як гэта параўноўваць, як гэта ўзважваць? У выніку гэта павінны вырашаць грамадзяне Украіны, гэта іх права, ніхто не можа дыктаваць, але рызыкі вельмі сур’ёзныя.

Сёння, 21 лістапада, ва Украіне адзначаюць 10 гадоў пачатку змагання за сяброўства ў Еўрапейскім звязе. Той Еўрамайдан, або Рэвалюцыя Годнасці, скончыўся анексіяй Расеяй Крыму і пачаткам вайны ў Луганскай і Данецкай абласцях, а таксама гібеллю людзей, сярод якіх былі і беларусы. З таго часу Украіна змагаецца за сваю незалежнасць і вызваленне сваіх тэрыторый.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя