Беларусь і Расея заблакавалі абранне Эстоніі старшынёй АБСЕ



На пасяджэнні Сталай рады Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якое прайшло ў Вене, прадстаўнікі афіцыйных Менску і Масквы наклалі вета на зацвярджэнне Эстоніі ў якасці наступнага старшыні АБСЕ ў будучым годзе, паведамляе ЕRR.

Паколькі рашэнні ў АБСЕ прымаюцца кансэнсусам, абраць Эстонію старшынёй арганізацыі не ўдалося.

На наступным тыдні ў Скоп’і адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЕ, дзе гэтае пытанне, як чакаецца, зноў будзе ўключана ў парадак дня. Эстонскі бок заявіў, што «Расея сваімі дзеяннямі блакуе працу ўсёй арганізацыі, паколькі ўжо некалькі гадоў Масква не дазваляе зацвердзіць бюджэт арганізацыі, арганізоўваць афіцыйныя мерапрыемствы АБСЕ, працягваць палявыя місіі, а таксама паклала канец усім місіям АБСЕ ва Украіне, якая стала ахвярай расейскай агрэсіі».

Тэхнічна магчыма, што Паўночная Македонія працягне выконваць абавязкі старшыні ў наступным годзе.

Беларускае Радыё Рацыя